Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зака́з 1, ‑у, м.

1. Даручэнне або просьба зрабіць, выканаць што‑н. Браць заказ. □ Прыносіць бабуля Івану заказ на чаравікі і задатак. Якімовіч. [Змітрака] здзівіла, што афіцыянтка, не атрымаўшы заказу, прынесла ўсё сама. Ваданосаў.

2. Заказаная рэч. Разнесці гатовыя заказы.

•••

Як на заказ; як па заказу — пра тое, што адпавядае якому‑н. патрабаванню, з’яўляецца ўзорным, выдатным. Дні пагодныя, як на заказ. Мележ. — Надвор’е, як па заказу, — сустрэў Мальвіну Леванок. Стаховіч.

зака́з 2, ‑у, м.

Уст. Забарона.

зака́заны 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад заказаць ​1 (у 1 знач.).

зака́заны 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад заказаць ​2.

заказа́ць 1, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.

1. што і па чым. Даць заказ ​1 (у 1 знач.) на што‑н. Заказаць абед. □ Пайшлі браты да каваля і заказалі сабе па булаве. Якімовіч. Чырванеючы ад хвалявання.., Лёня заказаў музыкам свой любімы вальс. Брыль.

2. Разм. Даць наказ, апавясціць. Заказаць абед. □ [Стараста:] — Ну, я ўжо заказаў, каб пасылалі хлопцаў у школу. Колас.

заказа́ць 2, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., каму-чаму, звычайна з інф.

Уст. Забараніць. Ну, а сэрца, ці сэрцу закажаш, Што зрабіць — ці забыць, ці кахаць. Астрэйка.

•••

(І) дзесятаму заказаць — зарачыся ніколі больш не рабіць чаго‑н.

зака́зваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заказаць ​1.

зака́зваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да заказаць ​2.

зака́знік, ‑а, м.

Род запаведніка, у якім поўнае або частковае выкарыстанне прыродных багаццяў (паляванне, рыбная лоўля, высечка лесу і пад.) забараняецца звычайна толькі на пэўны тэрмін. У сваім натуральным, першабытным, некранутым стане прырода Палесся з яе дзікім жывёльным, птушыным і раслінным светам будзе захоўвацца ў запаведніках і шматлікіх заказніках. В. Вольскі.

заказны́, ‑ая, ‑бе.

1. Які робіцца, выконваецца, дастаўляецца па заказу ​1; заказаны ​1. Заказны аўтобус. □ Гэты раз паны асабліва не скупіліся, і амаль што ўсе танцы былі заказныя. Дамашэвіч.

2. Адпраўлены з павышанай адказнасцю за дастаўку і з дадатковай аплатай (пра пісьмы, бандэролі). — Добра, што напомнілі, — Грыша дастаў з кішэні кіцеля пісьмо і падаў бацьку: — Здасцё яго заказным на пошту. Пальчэўскі.

зака́зчык, ‑а, м.

Той, хто дае заказ ​1 (у 1 знач.). Шаўцу заказчык боты заказаў. Корбан. У атэлье ёсць мастак-кансультант, які заўсёды дапамагае заказчыку. «Беларусь».

зака́зчыца, ‑ы, ж.

Жан. да заказчык.

заказыры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Разм. Пачаць казырыцца.

заказыта́ць 1, ‑зычу, ‑зычаш, ‑зыча; зак., каго.

Разм. Змучыць казытаннем. Заказытаць да паўсмерці.

заказыта́ць 2, ‑зычу, ‑зычаш, ‑зыча; зак.

Пачаць казытаць.