загубі́цца, ‑гублюся, ‑губішся, ‑губіцца; зак.
Разм.
1. Згубіцца, загінуць, прапасці. Чамусьці на ліст не атрымала [Ганна] адказу — пэўна загубіўся. Гартны.
2. Стаць нябачным сярод каго‑, чаго‑н., знікнуць з вачэй. Наталька злілася з гэтым людскім патокам і загубілася ў ім. Колас.
3. перан. Аказацца непрыметным, закінутым сярод чаго‑н. Загубіўся і здаецца закінутым і ўсімі забытым у таежнай глушы невялікі домік пуцявога абходчыка. Васілевіч. Маленькая сонная вёска загубілася ў лесе. С. Александровіч.
загубі́ць, ‑гублю, ‑губіш, ‑губіць; зак., каго-што.
1. Давесці да гібелі, смерці; пагубіць. Загубіць чалавека. □ У калідоры пачуўся дзікі крык гаспадыні: — Эдвар, што ты робіш?! Ты нас усіх загубіш! Маўр.
2. Марна, без карысці патраціць (час, грошы і пад.). Процьму грошай на дарогу марна загубіла. Колас.
•••
Загубіць жыццё чыё — зрабіць няшчасным, бязрадасным чыё‑н. існаванне.
загу́блены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад загубіць.
загугні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
Разм. Пачаць гугніць. // Гугнява прагаварыць; прагугніць. «Шпік» тым часам праціснуўся да Змітрака і кпліва загугніў: — Што, праглынуў язык? Бажко.
загугня́віць, ‑няўлю, ‑нявіш, ‑нявіць; зак.
Пачаць гугнявіць. // Гугнява прагаварыць; прагугнявіць. — Ну, памятай, Пятрас! — загугнявіў .. [Парэчкус] і закульгаў перад міліцыянерам. Броўка.
загудзе́ць, ‑гуджу, ‑гудзіш, ‑гудзіць; ‑гудзім, ‑гудзіце, ‑гудзяць; пр. загудзеў, ‑дзела.
Пачаць гудзець. // Прагудзець. Адзін і другі раз сярдзіта загудзеў сігнал машыны. Брыль.
загудрані́раваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад загудраніраваць.
загудрані́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Пакрыць гудронам. Загудраніраваць дарогу.
загука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць гукаць. // Падаць гучны голас; гукнуць. І вось Міхась, як яго хто падбіў, узяў і загукаў на ўвесь лес. Колас.
загу́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да загуляцца.