запы́рскаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Пакрыць пырскамі. Кроў запырскала гімнасцёрку і штаны. Мележ.
запы́рскаць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць пырскаць.
запы́рсквацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да запырскацца.
2. Зал. да запырскваць.
запы́рскваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да запырскаць 1.
запы́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць пырхаць.
за́пыт, ‑у, М ‑пыце, м.
1. Тое, што і запытанне (у 2 знач.). Паслаць запыт. □ — Галуза зрабіў запыт.., а праз тыдзень адтуль прыслалі выпіску: сапраўды, мне яшчэ не было шаснаццаці. Чыгрынаў.
2. Попыт, запатрабаванне. І сапраўды, тавары ў краме былі розныя, ад солі і газы да пудры і духоў, — усё, на што быў запыт. Галавач.
3. Пытанне, звернутае да каго‑н.; запытанне. Стук у дзверы і запыт, якім гэты стук падмацаваўся, былі для Рыгора раптоўнымі. Гартны. Хоць бы ў сне на запыт нечаканы Грэшнай праўды той не расказаць. Камейша.
запыта́льны, ‑ая, ‑ае.
Які выражае запытанне (у 1 знач.). Запытальны позірк. Запытальная інтанацыя. □ У куточках вачэй, звужаных усмешкаю, стаілася маўклівая запытальная насцярожанасць. Савіцкі.
запыта́нне, ‑я, н.
1. Пытанне, зварот да каго‑н., які патрабуе адказу, тлумачэння. Андрэй безнадзейна махнуў рукой і, не чакаючы адказу на сваё запытанне, пайшоў з хаты. Зарэцкі. Бацька быў негаваркі чалавек і на запытанні Антона адказваў з неахвотаю. Васілёнак.
2. Афіцыйны дакумент з просьбай або патрабаванням даць пэўныя звесткі, тлумачэнне і пад.; запыт. Паслаць запытанне. □ Гэта быў адказ па пісьмовае запытанне старшыні калгаса Сушкевіча, калі будзе складзены праект асушэння балот. Дуброўскі.
запыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Тое, што і запытаць (у 1 знач.). Запытацца пра сяброў. □ — Хто гэта? — запытаўся.. Толя. Якімовіч.
запыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што, чаго.
1. і аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. дап. Звярнуцца да каго‑н. з пытаннем; спытаць. Міколка рашуча запытаў дзеда: — Ты не хавайся ад мяне, а скажы, што гэта робіцца ноччу? Лынькоў. [Марына Паўлаўна] заўважыла, што стары хоча запытаць нешта, ды не важыцца. Зарэцкі. Сходзім, Віктар, — кажа Піня, — да майго бацькі. Запытаем, як ён сябе адчувае, якое ўражанне зрабіла наша свята. Сташэўскі.
2. Звярнуцца з якой‑н. просьбай, папрасіць аб чым‑н. Запытаць парады. Запытаць дазволу. □ Лішні раз у дзяўчыны запытаю дарогі. Свірка.
3. Паслаць афіцыйнае запытанне. Запытаць меркаванне рэдакцыі.
запы́твацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да запытацца.