запыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што, чаго.

1. і аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. дап. Звярнуцца да каго‑н. з пытаннем; спытаць. Міколка рашуча запытаў дзеда: — Ты не хавайся ад мяне, а скажы, што гэта робіцца ноччу? Лынькоў. [Марына Паўлаўна] заўважыла, што стары хоча запытаць нешта, ды не важыцца. Зарэцкі. Сходзім, Віктар, — кажа Піня, — да майго бацькі. Запытаем, як ён сябе адчувае, якое ўражанне зрабіла наша свята. Сташэўскі.

2. Звярнуцца з якой‑н. просьбай, папрасіць аб чым‑н. Запытаць парады. Запытаць дазволу. □ Лішні раз у дзяўчыны запытаю дарогі. Свірка.

3. Паслаць афіцыйнае запытанне. Запытаць меркаванне рэдакцыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)