Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пакрытанасе́нныя, ‑ых.

Назва аддзела вышэйшых раслін, у якіх семяпочка хаваецца ў завязі.

пакры́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пакрыць.

пакрытыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.

1. Адзначыць недахопы, навесці крытыку на каго‑, што‑н. [Несцяровіч:] — Мы зараз, таварышы, разгледзім архітэктурны праект дома і пакрытыкуем гэты праект. Чорны.

2. і без дап. Крытыкаваць некаторы час.

пакрыўдава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак.

Крыўдаваць некаторы час. Пакрыўдаваў з год і забыўся.

пакры́ўджанасць, ‑і, ж.

Стан і ўласцівасць пакрыўджанага. Лаўрэн Ільіч усміхнуўся, убачыўшы цень пакрыўджанасці на твары дзяўчыны. Краўчанка. — Мне гэты нарыс таксама падабаецца, — сказаў рэдактар, не зважаючы на дакор і пакрыўджанасць у голасе Пісанца. — Я яго зараз жа здаў бы ў набор. Толькі не ведаю, хто аўтар. Грамовіч.

пакры́ўджаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пакрыўдзіць.

2. у знач. прым. Які выражае пачуццё крыўды. Ніна праводзіла .. [Андрэя] журботным і пакрыўджаным позіркам. Лобан.

пакры́ўдзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Адчуць крыўду, успрыняць што‑н. як крыўду. Неяк раніцай Мікітку пабудзіў дзядуля: — Уставай, уставай, соня, качаняты ўжо на возера пайшлі.. — Чаму ж ты раней не пабудзіў мяне, — пакрыўдзіўся Мікітка на дзеда. П. Ткачоў. [Кузьма Чорны] прачытаў верш, адкінуўся на спінку крэсла і засвістаў.. Я пакрыўдзіўся і згроб са стала свае паперы. Лужанін.

пакры́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.; каго.

1. Прычыніць крыўду каму‑н.; несправядліва паставіцца да каго‑н. Валя адмоўчвалася, яна не адважвалася расказаць пра выпадкова пачутую размову, каб не пакрыўдзіць дзяўчыны. Шахавец. [Сакратару райкома] трэба было ў многіх пабываць у гасцях, каб нікога не пакрыўдзіць. Шамякін.

2. Абдзяліць каго‑н. чым‑н., даць менш, чым патрэбна. [Лявон:] Пасаг мяне мала цікавіць, што бацька дасць дачцэ, з тым я і згодзен буду. Ён жа не захоча пакрыўдзіць сваёй дачкі — дзесяцін нейкіх дзесяць павінен даць. Козел. — З харчамі хлапчука, можа, пан і не пакрыўдзіць, а з аплатай сына абышлі... Пальчэўскі.

•••

Мухі не пакрыўдзіць — пра добрага, спакойнага чалавека.

пакры́ўлены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пакрывіць.

2. у знач. прым. Перакошаны, крывы; несіметрычны. За два гады ад старых пакрыўленых хлявоў не засталося і следу. Паслядовіч.

пакрыўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Крыўляцца некаторы час.