Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кашэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. касіць ​1 (у 1 знач.).

кашэ́рны, ‑ая, ‑ае.

У веруючых яўрэяў — дазволены рэлігійнымі законамі для ўжывання ў ежу.

[Ад стараж.-яўр. kāšēr — чысты.]

кашэ́чы і каша́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кошкі, належыць ёй. Кашачая лапа. // Уласцівы кошцы, такі, як у кошкі. [Білі] кашачай, асцярожнай хадой падбіраўся да цяпельца. Лынькоў. Роб убачыў, як у кашэчых вачах капітана заблішчалі халодныя ільдзінкі нянавісці. Гамолка.

2. Разм. Зроблены з футра кошкі. Кашачы каўнер.

3. у знач. наз. кашэ́чыя, ‑ых. Сямейства драпежных млекакормячых, да якога адносяцца кошка, тыгр, леў, рысь і інш.

•••

Кашэчы канцэрт гл. канцэрт.

каэфіцые́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Лікавы (або літарны) множнік у алгебраічным выразе. // Лік, на які трэба памножыць якую‑н. велічыню, каб атрымаць велічыню, патрэбную пры даных умовах.

2. Велічыня, якая колькасна вызначае якую-небудзь уласцівасць фізічнага цела. Каэфіцыент трэння. Каэфіцыент расшырэння. Каэфіцыент цеплаправоднасці.

•••

Каэфіцыент карыснага дзеяння (ккдз) — адносіны колькасці карыснай работы, выкананай якім‑н. механізмам, да колькасці скарыстанай ім энергіі.

[Ад лац. coefficiens, coefficientis — які ўтварае.]

каю́к 1, нескл., м.

Разм. Канец, пагібель, смерць. — Канчаецца іх панаванне. Губернатары і тыя хвасты пападціскалі. Свабода, брат, пайшла! Каюк міністрам! Колас. Тры дні ішлі без дарог, праз балоты ля Нёмана, некалькі разоў пападалі ў такія перадзелкі, што не пажадаеш злодзею, думалі — каюк. Быкаў.

каю́к 2, а́, м.

Уст. Рачное вёслава-паруснае грузавое судна.

[Тур.]

каю́р, ‑а, м.

Паганяты запрэжаных у нарты сабак або аленяў. — Я апрануўся, сеў на парты, і каюр — паганяты запрэжкі — пагнаў сабак. Бяганская.

[Ненецк.]

каю́та, ‑ы, ДМ каюце, ж.

Жылое памяшканне для пасажыраў або экіпажа на судне. Пасажырская каюта. Каюта першага класа. □ У каюце прыгожыя бліскучыя лаўкі ўздоўж сцен, зручны столік, прышрубаваны да падлогі, блакітныя фіранкі на круглых ілюмінатар ах. В. Вольскі.

[Гал. kajuit.]

каю́т-кампа́нія, ‑і, ж.

Агульнае памяшканне на судне, дзе харчуюцца і адпачываюць пасажыры, а на ваенных суднах — афіцэры. Сваё падарожжа па караблі мы закончылі ў кают-кампаніі. Гэта быў прасторны, светлы пакой. Бяганская.

[Ад гал. kajuit — каюта і фр. compagnie — грамада.]

кая́к, ‑а, м.

Лёгкая скураная аднамесная лодка з двухлопасцевым вяслом у некаторых народаў Поўначы.

ка́янне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. каяцца; раскаянне.