кашу́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кашулі. Кашульная тканіна.
кашу́ля, ‑і, ж.
Сарочка, рубашка. А дзед быў прыгожы. Без шапкі, у шэрай, як ралля, расхрыстанай на сухіх, загарэлых грудзях кашулі. Брыль. [Наталля:] Выскачыла я амаль што ў адной кашулі і апынулася на вялікай дарозе сярод натоўпу людзей... Крапіва. За сталом сядзелі таварышы Тарас, Грай, Краўчанка і нейкі незнаёмы пажылы чалавек у чорнай вышыванай кашулі. Мікуліч.
кашча́вы, ‑ая, ‑ае.
Схуднелы, высахлы, з выступаючымі касцямі. Шырокія рукавы кашулі і белыя калашыны портак здаваліся пустымі, нібы нацягнутымі на доўгія кіі — да таго кашчавыя і худыя былі рукі і ногі старога. Лынькоў. [Прафесар], саромеючыся за сваё худое, кашчавае і даўгавязае валасатае цела, спяшаючыся, палез у ваду. Галавач. // у знач. наз. кашча́вая, ‑ай, ж. Смерць. [Яругін] часта думаў у пакоі маёра пра кашчавую: у тым сэнсе, што яна абавязкова абміне гэты пакой. Карамазаў.
кашчу́нны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і кашчунственны.
кашчу́нства, ‑а, н.
1. Адзін з відаў злачынства супроць веры ў праваслаўнай царкве і ў заканадаўстве царскай Расіі: знявага рэлігійнай святыні.
2. Зневажальныя адносіны да таго, што паважаюць, чым даражаць іншыя. Валянціна Андрэеўна.. амаль узненавідзела іх у гэты міг, мужа і доктара, які ўратаваў яе сына.. — за тое, што ў такі момант, калі Славік, можа, на валаску ад смерці, яны збіраюцца піць спірт. Кашчунства! Шамякін. — Ці ж можна пазбаўляць чалавека найвялікшага шчасця — бацькоўства?! Гэта ж кашчунства. Грамовіч.
кашчу́нстваваць, ‑вую, ‑вуеш, ‑вуе; незак.
1. Насміхацца над рэлігійнай святыняй, абражаць чые‑н. рэлігійныя пачуцці. — Замаўчы, грэшніца! — крыкнуў тады айцец Амброзіо і ўстаў з крэсла. — Ты асмельваешся кашчунстваваць! Маўр.
2. Зневажальна адносіцца да таго, што паважаюць, чым даражаць іншыя.
кашчу́нственны, ‑ая, ‑ае.
Прасякнуты кашчунствам; непачцівы, зневажальны. Кашчунственныя словы.
кашчэ́й, ‑я, м.
1. Міфічны персанаж усходнеславянскіх народных казак: кашчавы і злы стары, які валодае тайнай даўгавечнасці і незлічоным багаццем. Кашчэй бессмяротны.
2. Разм. Пра вельмі худога чалавека.
кашэ́ль, ‑шаля, м.
1. Вялікая кашолка, звычайна з лучыны. Накласці сена ў кашэль. □ Данік рыдлёўкай падварочваў корч бульбы на градцы. □ Таня, сагнуўшыся, разграбала зямлю, вытрасала бульбіны і збірала іх у кашэль. Грамовіч. Бацька чапляе на плячо кашэль — вялікі, сплецены з дранак кош. Сачанка.
2. Абл. Тое, што і кашалёк. [Міхал] паскупеў і нават значна. Што ж? лепей з’есці не так смачна, Загнаць запас на хлеб, на сала, Абы капейка перапала, І лішні выгадаць рубель Ды палажыць яго ў кашэль. Колас.
•••
Плесці кашалі з лапцямі гл. плесці.