паслуго́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Служыць, прыслужваць каму‑н. Макрына ажывілася і як бы памаладзела. Яна завіхалася каля Андрэя і паслугоўвала яму, калі ён, распрануўшыся да пояса, мыўся на дварэ. Дуброўскі.
паслу́жлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць паслужлівага.
паслу́жлівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і услужлівы. Таня таксама старалася рабіць усё так, каб гэтая размова не папсавала яе адносін з Верай і гаспадыняй. Была паслухмянай, паслужлівай і ветлівай. Машара.
паслужны́, ‑ая, ‑ое.
У выразе: паслужны спіс гл. спіс.
паслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць; зак.
1. Служыць некаторы час. Ці .. [Клім] добры ляснік, ці дрэнны — хто яго ведае. Хай паслужыць, пабачым. Ермаловіч. «Чаго, Ульянаў, за мяжу не збеглі вы?» — пытаўся суд. «Радзіме смерцю паслужу!» Вялюгін. [Таня:] — Вясёлы такі [шавец]... Усё смяецца, кажа, што цяпер туфлі надоўга паслужаць, танцаў няма... Асіпенка.
2. Стаць, з’явіцца чым‑н.; абумовіць што‑н. Паслужыць асновай. □ [Рэвалюцыйная сітуацыя] паслужыла адной з прычын, якія прымусілі царскі ўрад і памешчыкаў паспяшацца з адменай у Расіі прыгоннага права. Ларчанка.
паслу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Зак. да слухацца.
паслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Зак. да слухаць.
2. і без дап. Слухаць некаторы час. Мы летуцелі ўсе аб тым, каб сесці ў засень на хвіліну, паслухаць, як шумяць лісты ў зялёных, пышных верхавінах... Дубоўка. Чалавек прыткнуўся да дрэва плячыма і астаўся так паслухаць і паглядзець. Чорны.
3. заг. паслу́хай(це). Ужываецца пры звароце да каго‑н. звычайна ў пачатку фразы, каб прыцягнуць увагу. Я таргануў за рукаў кулямётчыка: — Паслухайце, таварыш! Лынькоў.
паслухмя́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць паслухмянага; паслухмянства. Міхал не баязлівы, не слабасцю натуры вытлумачвае паэт паслухмянасць, пакорлівасць Міхала, які толькі аднойчы адважыўся агрызнуцца ляснічаму. Навуменка.
паслухмя́нства, ‑а, н.
Беспярэчнае падпарадкаванне каму‑н.; пакорнасць, паслушэнства. Ад .. [Сымона] цяжэй было дабіцца паслухмянства. Усё часцей і часцей ён пачаў знікаць без дазволу. Мікуліч.
паслухмя́ны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які слухаецца каго‑н.; пакорны. Марцінава жонка Анэта была ціхая, паслухмяная жанчына. Бывала, нідзе не пачуеш яе голасу, ні дома, ні на вуліцы. Чарнышэвіч. Пятрок самы паслухмяны ў брыгадзе работнік. Ракітны. А разумны, паслухмяны конь сам і дарогу выбіраў, сам, без падгону, дзе трушком бег, дзе клыпаў памалу. Хомчанка. // Які лёгка падпарадкоўваецца жаданню, волі каго‑н. Не вельмі паслухмяныя пальцы пані Генавефы самаахвярна гоцалі па клавішах. Брыль. І мая паслухмяная настрою памяць адразу ж замест новага дасціпнага паркану ставіць стары частакол. Васілевіч. // перан. Які лёгка прыводзіцца ў дзеянне, лёгка паддаецца апрацоўцы; падатлівы. Майстар пачаў тлумачыць, што трэба рабіць, каб станок быў паслухмяны. Шахавец. А скора паслухмяныя машыны святло сваё адсюль дадуць акрузе. Дубоўка.