Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

канстата́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. канстатаваць.

[Фр. constatation.]

канстру́ктар, ‑а, м.

1. Той, хто канструюе што‑н., стварае канструкцыю (у 1, 2 знач.). Інжынер-канструктар. □ [Студэнты] у недалёкім будучым — інжынеры: хто — будаўнік, хто — механік, хто — канструктар, хто — тэхнолаг. Хадкевіч.

2. Набор дэталей і матэрыялаў для канструявання (дзецям). У Колі быў дзень нараджэння, і яму прынеслі шмат падарункаў. І металічны канструктар, і вялікі зялёны самазвал, і кубікі. Арабей.

канстру́ктарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канструктара, звязаны з канструяваннем. Канструктарскае бюро.

канструктыві́зм, ‑у, м.

Фармалістычны напрамак у мастацтве і архітэктуры 20 ст., які адмаўляе ідэйны змест і падмяняе мастацкі вобраз абстракцыяй.

канструктыві́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік, прыхільнік канструктывізму.

канструктыві́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канструктывізму, канструктывістаў. Канструктывісцкі напрамак у літаратуры.

канструкты́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць канструктыўнага.

канструкты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які складае аснову чаго‑н.; істотны, важны. Канструктыўная прапанова. Канструктыўныя папраўкі.

канструкцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да канструкцыі (у 1, 2 знач.). Канструкцыйныя асаблівасці збудавання. Канструкцыйная сталь.

канстру́кцыя, ‑і, ж.

1. Будова, узаемнае размяшчэнне частак, дэталей якога‑н. збудавання, механізма і пад. Новая канструкцыя. Канструкцыя станка.

2. часцей мн. (канстру́кцыі, ‑ый). Складанае збудаванне або яго неабходная частка. Жалезабетонныя канструкцыі. □ На збудаваным з лёгкіх стальных канструкцый агрэгаце знаходзілася.. пляцоўка. Паслядовіч.

3. Размяшчэнне слоў у мове з пункту гледжання іх граматычнай сувязі; граматычная будова словазлучэнняў. Прыназоўнікавая канструкцыя. Залежная канструкцыя. Канструкцыя сказа.

[Лац. constructio.]