калупну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. Аднакр. да калупаць. — Дзверы філёнчатыя, з чорнага дубу зробленыя. Я нават пазногцем калупнуў, ці цвёрдыя. Дык як з жалеза. Сабаленка.
2. перан. Глыбей разабрацца ў кім‑, чым‑н., заглянуць у сутнасць каго‑, чаго‑н. — Калупні паляўнічага, — манюка. Паскрабі рыбалова, — лускі, як на тым шчупаку. Гурскі. — А што, залаценькія, каб гэтага самага Загароўскага Малаха калупнуць... Зарэцкі.
3. перан. Паддзець, падсмяяць у размове, падкалупнуць. — Кожнага, хто любіць прыгожыя рэчы, ты жыць не можаш, каб не калупнуць. Паслядовіч.
калчада́н, ‑у, м.
Агульная назва мінералаў, якія з’яўляюцца сярністымі, мыш’яковістымі, а таксама сурмяністымі злучэннямі металаў (жалеза, медзі і інш.). Серны калчадан. Жалезны калчадан. Медны калчадан.
калчада́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да калчадану. Калчаданны газ. // Які змяшчае ў сабе калчадан. Калчаданная руда.
калча́н, ‑а, м.
Скураная або драўляная сумка, чахол для стрэл. Напоўніць калчан стрэламі.
калыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Абл. Хістацца, ківацца; пакалыхвацца. Віця памацаў пальцамі сучок, які калываўся ў сухой дошцы, націснуў на яго. Нядзведскі.
калыва́ць, ‑ае; незак., што.
Абл. Хістаць збоку ў бок або зверху ўніз; гойдаць. І воз так страшна калывае на калдобінах!.. Брыль.
калы́м, ‑у, м.
1. Выкуп, які ўносіцца жаніхом бацькам нявесты (у некаторых народаў Усходу, што захоўваюць перажыткі радавога быту). Пастух дзяўчыну пакахаў, А даць не мог калым багаты. Пысін.
2. Разм. Лёгкі пабочны заробак. — Цэлы вечар толькі і гаворкі — дзе тут больш зарабляюць, куды б гэта ўлезці, каб калым быў.., — пагардліва крывіў губы Грыша. Місько.
[Цюрк.]
калыма́га, ‑і, ДМ ‑мазе, ж.
Даўнейшая карэта з высока размешчаным кузавам. // Іран. Пра вялікія грузныя нязграбныя калёсы. Я і не звярнуў увагі, што мне насустрач грукоча ламавая калымага, ды гэтак грукоча, што аж зямлю, здаецца, скаланае. Сабаленка. На дарогу выпаўзла нязграбная калымага з двума вялікімі каламі. Б. Стральцоў.
калы́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.
Разм. Падзарабляць незаконным шляхам.