падмяні́ць, ‑мяню, ‑меніш, ‑маніць; зак., каго-што.
1. Тайна, непрыкметна замяніць адно другім. [Васіль:] — Туды завезяце ячмень, а там пагрузіце льнасемя. Ды прасачыце, каб гатунак не падмянілі. Шашкоў. // перан. Перайначыць нейкім чынам. Нібы хто падмяніў хлапца: на ўроках сядзіць разгублены, заклапочаны. Якімовіч. Сымона падмянілі ў палацах. Ён зусім не той, якім быў раней... Бядуля. // перан. Напоўніць іншым зместам. Падмяніць шчырую размову выкрыкамі.
2. Замяніць каго‑н., узяць на сябе часова чые‑н. абавязкі. З-за хаціны паявілася Прусава з вінтоўкай і ў.. плашч-палатцы. Мабыць, выйшла падмяніць вартавога. Асіпенка. Як толькі навучыўся я ўзбірацца Буланчыку на спіну, бацька мне сказаў: — Ну, сынок, давай падмяні мяне, звадзі сёння [каня] на начлег. Ляўданскі. // Разм. Прадоўжыць чыю‑н. справу. Хведар.. ужо даўно памагае Цімоху запальваць ліхтары. Ён надзейна робіць гэтую справу. «Вучуся пакуль. А там і вас падмяню, бакеншчыкам стану», — не раз гаварыў Хведар. Ваданосаў. // Узяць на сябе чые‑н. абавязкі, не маючы на гэта права. [Камароўскі:] — Я лічу, што мне .. у [лесе] няма чаго рабіць, таму і не еду. У следстве пан падмяніў мяне, дык, калі ласка, вядзіце да канца. Машара.
падмянці́ць, ‑мянчу, ‑менціш, ‑менціць; зак., што.
Падвастрыць касу мянташкай. — Самае важнае, — гаворыць Іллюк, спыняючыся падмянціць касу, — дык гэта не трэба гарачыцца. Чорны.
падмяня́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да падмяняць.
падмяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да падмяніць.
падмярзло́тны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які залягае глыбей пласта вечнай мерзлаты. Падмярзлотныя воды.
падмясі́ць, ‑мяшу, ‑месіш, ‑месіць; зак., што і чаго.
1. Памясіць дадаткова. Падмясіць цеста.
2. Месячы, дабавіць чаго‑н., зрабіць больш густым (цеста, раствор). Падмясіць мукі ў цеста.
падмята́йла, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Тое, што і падмятальшчык. Хлебапёкамі, кухарамі, калідорнымі, падмятайламі [у турме] былі толькі крымінальнікі. Колас.
падмята́льшчык, ‑а, м.
Той, хто займаюцца падмятаннем вуліц, памяшканняў і пад.