падмяніць, ‑мяню, ‑меніш, ‑маніць; зак., каго-што.

1. Тайна, непрыкметна замяніць адно другім. [Васіль:] — Туды завезяце ячмень, а там пагрузіце льнасемя. Ды прасачыце, каб гатунак не падмянілі. Шашкоў. // перан. Перайначыць нейкім чынам. Нібы хто падмяніў хлапца: на ўроках сядзіць разгублены, заклапочаны. Якімовіч. Сымона падмянілі ў палацах. Ён зусім не той, якім быў раней... Бядуля. // перан. Напоўніць іншым зместам. Падмяніць шчырую размову выкрыкамі.

2. Замяніць каго‑н., узяць на сябе часова чые‑н. абавязкі. З-за хаціны паявілася Прусава з вінтоўкай і ў.. плашч-палатцы. Мабыць, выйшла падмяніць вартавога. Асіпенка. Як толькі навучыўся я ўзбірацца Буланчыку на спіну, бацька мне сказаў: — Ну, сынок, давай падмяні мяне, звадзі сёння [каня] на начлег. Ляўданскі. // Разм. Прадоўжыць чыю‑н. справу. Хведар.. ужо даўно памагае Цімоху запальваць ліхтары. Ён надзейна робіць гэтую справу. «Вучуся пакуль. А там і вас падмяню, бакеншчыкам стану», — не раз гаварыў Хведар. Ваданосаў. // Узяць на сябе чые‑н. абавязкі, не маючы на гэта права. [Камароўскі:] — Я лічу, што мне .. у [лесе] няма чаго рабіць, таму і не еду. У следстве пан падмяніў мяне, дык, калі ласка, вядзіце да канца. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)