ка́шляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
Мець прыступ кашлю; хварэць на кашаль. За перагародкай, дзе жанчыны, нехта кашляе, бухае, як у бочку. Застуджаныя грудзі. Пташнікаў. Саўка Чужахвал заўсёды кашляў, а гэта і зусім закашляўся на дварэ. Чорны.
кашма́, ‑ы, ж.
Від лямцу з авечай воўны, а таксама пасцілка з такога лямцу (пераважна ў качавых народаў). Мікешка сеў на лямцавую пасцілку — кашму з каляровымі ўзорамі, скрыжаваў падкурчаныя ногі. Беразняк.
[Цюрк.]
кашма́р, ‑у, м.
1. Цяжкі, жудасны сон; прывід, здань. [Кубэ] заснуў трывожным сном, часта прачынаўся. Лезлі недарэчныя сны, навальваліся цяжкімі кашмарамі. Лынькоў. А калі засыпаў, яго [каменданта] пачынаў душыць кашмар. У сне чамусьці выходзіла так, што не ён вешае і расстрэльвае людзей, а яго вешаюць і расстрэльваюць. Якімовіч.
2. перан. Разм. Што‑н. жахлівае, цяжкае, агіднае. Страшэнным кашмарам праплываюць перад ім карціны нядаўняга мінулага. Пятніцкі.
кашма́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які суправаджаецца кашмарам, напоўнены кашмарамі. У кашмарных снах, у пакутлівых уяўленнях .. [Саша] часам бачыла Пецю раненым, сцякаючым крывёю на абмерзлых скалах, у снягах далёкай поўначы. Шамякін. Яны праімчаліся на матацыклах, як віхор, бязладна страляючы направа і налева, і зніклі, як кашмарны прывід. Якімовіч.
2. перан. Разм. Жахлівы, агідны. Кашмарнае мінулае.
кашміло́н, ‑у, м.
Разнавіднасць сінтэтычнага валакна, якое выпускаецца ў Японіі.
кашміло́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кашмілону, зроблены з кашмілону. Кашмілонавы світэр.
кашмі́р і кашамі́р, ‑у, м.
Тонкая мяккая шарсцяная, напаўшарсцяная або баваўняная тканіна.
[Ад геагр. назвы.]