Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

запаўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да запоўніць.

запа́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Пачаць пахнуць.

запаце́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Вільготны ад асеўшай пары; запатнелы. [Паўлік] пачаў паліцам выпісваць узоры на запацелай шыбе. Краўчанка. З-за перагародка выйшаў Несцер з запацелай ад холаду бутэлькай.. гарэлкі. Пестрак.

2. Пакрыты потам; спацелы. Маці азірнулася. Запацелы твар выказваў балючую ўтому. Гартны.

запаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца вільготным ад асеўшай пары; запатнець. Затуманіліся, запацелі ад пары, нібы заінелі, на кухні вокны, і мне здавалася, што на дварэ зіма. М. Стральцоў.

2. Разм. Пакрыцца потам; спацець. Твары.. [рабочых] ужо запацелі, від[аць] было, што яны працавалі даўно. Кулакоўскі.

запа́шнік, ‑а, м.

Спец. Сельскагаспадарчая прылада для ўзорвання глебы на невялікую глыбіню або для засыпання дасеянага зерня.

запая́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад запаяць.

запая́цца, ‑яецца; зак.

Падвергнуцца запайванню. Каструля добра запаялася.

запая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

Залапіць, паправіць паяннем; залітаваць. Запаяць кацёл меддзю.

за́пек, ‑у, м.

Абл. Запечак. Унучкі.. спалі на шырокім ложку ў запеку. Брыль.

запеленгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., каго-што.

Вызначыць месца знаходжання каго‑, чаго‑н. пры дапамозе пеленгатара. Запеленгаваць радыёстанцыю разведчыкаў.