Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кату́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Штурхаць, разварушваць каго‑н., прымушаючы ачнуцца, прыйсці да памяці. Галя катурхала Вадзімку і не магла ніяк узбудзіць, здаецца, ён і прачынаўся ўжо, але адразу ж, як Галя адымала рукі, ён зноў падаў. Сабаленка. Дзед, здаецца, нічога не чуў і не цяміў. Ён толькі катурхаў сына, будзіў, зваў яго. Колас. // перан. Разм. Узбуджаць, узрушаць, актывізаваць. Умела і паспяхова вёў агітацыю Татарынчык не толькі сярод старэйшых капылянцаў, ён знаходзіў дарогу і да сэрцаў іх дзяцей, асцярожна катурхаў іх думкі. С. Александровіч.

кату́х, ‑а, м.

1. Маленькі хлеў або адгароджанае месца ў хляве. Мінуць стаў у свінарніку над балясамі, якімі быў абгароджан катух, успёрся на іх і доўга глядзеў, як завадская свіння цярэбіць зялёную канюшыну. Чорны.

2. Пра цёмны, малы пакой або хату. Вярнуўшыся дамоў. Васіль знайшоў на стале пісьмо. На канверце — знаёмы почырк. Жонка. Што яна піша? .. Усё тое ж: бяры да сябе.. «Бяры! — паморшчыўся. — А куды? Вось у гэты катух? Ды ты сама ўцячэш адсюль». Шашкоў.

катушо́к, ‑шка, м.

Памянш. да катух; невялікі катух.

катыльён, ‑а, м.

Даўнейшы бальны танец (род кадрылі), фігуры якога чаргуюцца з элементамі вальса, мазуркі, полькі, а таксама музыка да гэтага танца.

[Фр. cotillon.]

катэгары́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць, якасць катэгарычнага. Катэгарычнасць думкі.

катэгары́чны, ‑ая, ‑ае.

Рашучы, безумоўны, неаспрэчны. Катэгарычнае рашэнне. Катэгарычнае патрабаванне. □ — Вам усім трэба сысці з дому, — катэгарычным тонам заявіў дзед Талаш, — так, трэба сысці. Колас.

•••

Катэгарычнае суджэнне гл. суджэнне.

катэго́рыя, ‑і, ж.

1. Асноўнае філасофскае паняцце, якое адлюстроўвае найбольш агульныя ўласцівасці і сувязі прадметаў і законы развіцця з’яў аб’ектыўнай рэальнасці. Катэгорыя часу. Катэгорыя неабходнасці. Катэгорыя формы і зместу.

2. У навуковай тэрміналогіі — родавае паняцце, якое абазначае разрад з’яў, прадметаў або найбольш агульную іх прымету. Граматычныя катэгорыі. Катэгорыя роду. Гістарычныя катэгорыі.

3. Група аднародных прадметаў, з’яў або асоб, якая выдзяляецца па якіх‑н. прыметах. Калектывізацыя робіць людзей і шчырымі прыяцелямі і зацятымі ворагамі, падзяляючы іх на розныя катэгорыі. Колас. Пашкоджанні, нанесеныя Бандарчуку, адносіліся да катэгорыі лёгкіх. Капусцін.

[Ад грэч. katēgoria — выказванне, суджэнне.]

катэ́дж, ‑а, м.

Невялікі жылы дом у прыгарадзе, рабочым пасёлку і пад., звычайна з мансардай і зямельным участкам. На ўзлессі, каля самай Дзвіны, з’явіцца яшчэ адна вуліца, забудаваная прыгожымі катэджамі для лепшых рабочых будоўлі. Грахоўскі.

[Англ. cottage.]

ка́тэр, ‑а, м.

1. Невялікае самаходнае судна для транспартных, спартыўных, ваенных і прамысловых мэт. Катэр на падводных крылах. Тарпедны катэр. Дэсантны катэр. □ Прыняўшы на борт пасажыраў, катэр накіраваўся да парахода. «Звязда». Як толькі прайшоў крыгаход, на рацэ затарахцеў буксірны катэр і пацягнуў з аднаго на другі бераг вялізны паром. Грахоўскі.

2. Тып ваенна-марской парусна-грабной шлюпкі.

3. Старадаўняе паруснае аднамачтавае судна.

[Англ. cutter.]

ка́тэрны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да катэра. Катэрная прыстань.