карка́сны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да каркаса (у 1 знач.); з каркасам. Каркасная канструкцыя. Каркасны будынак.
ка́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Ствараць крык, падобны на гукі «кар-кар». Толькі ў вершалінах дрэў прарэзліва каркалі вароны ды звінелі на розныя галасы іншыя дробныя птушкі. Якімовіч.
2. перан. Разм. Прадказваць няўдачу, няшчасце, бяду. — Бачыш, піянер, як кіпіць работа! Яшчэ ж год назад знаходзіліся такія, што каркалі, быццам у калгасе ніхто працаваць па-сапраўднаму не будзе. Курто.
ка́ркі, ‑аў; адз. няма.
Памянш. да кары 2 (у 1 знач.); невялікія кары. На дарозе вяршаліну ўскінулі на каркі ды прывязалі ланцугом гэтак жа, як і на пярэдніх санях. Якімовіч.
ка́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да каркаць (у 1 знач.).
ка́рлік, ‑а, м.
Чалавек ненармальна малога росту. // Пра рэч, прадмет вельмі малога памеру. Дрэва-карлік. Дзяржава-карлік.
ка́рлікавы, ‑ая, ‑ае.
Вельмі малы. Карлікавы рост. Карлікавая гаспадарка. // У назвах народ жывёл і відаў раслін, якія вызначаюцца сваімі малымі памерамі. Карлікавы алень. Карлікавая бяроза.
карма́, ‑ы́, ж.
1. Задняя частка судна, процілеглая носу. Параход плаўна адваліў ад прыстані. За яго кармой запенілася вада. Даніленка. [У лодцы] сядзела трое. На карме — інжынер Сакавітаў з рулявым вяслом у руках. Шамякін. // Пра заднюю частку танка, самалёта. Танк, як ляцеў, раптам з разгону асеў на адзін бок, падкінуўшы карму. Мележ.
2. Тое, што і куль 3. Нарэшце і карма, гэты вялізны мяшок-сетка, схавалася пад лёдам. Хадкевіч.
карма... (гл. корма...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «корма...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: кармапровад, кармарэзка, кармасумесь.
кармавы́ 1, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да корму. Кармавая база. Кармавая вартасць сена. // Які служыць кормам, прыгодны для корму. Кармавыя буракі. Кармавыя травы. // у знач. наз. кармавы́я, ‑ых. Кармавыя культуры. Мяркуецца пачаць асушку балота пад пасевы кармавых. Дуброўскі.
•••
Кармавыя дрожджы гл. дрожджы.
кармавы́ 2, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да кармы, знаходзіцца на карме. Кармавая частка судна. Кармавое вясло. Кармавы флаг.
2. у знач. наз. кармавы́, ‑ога, м. Матрос, які працуе на карме; рулявы.
кармаку́хня, ‑і; Р мн. ‑хань; ж.
Спецыяльна абсталяванае памяшканне на ферме для прыгатавання корму жывёле і птушцы. Механізаваная кармакухня. □ Паблізу рачулкі размяшчаўся гаспадарцы двор — канюшня галоў на сорак, кароўнік і свінарнік, кармакухня. Хадкевіч.