калонаважа́ты, ‑ага, м.
Той, хто вядзе калону (у 2 знач.), ідзе ўперадзе яе. // Малодшы чын у рускай арміі 18 — пач. 19 стст.; афіцэр, які вядзе калону войска.
кало́нія, ‑і, ж.
1. Краіна, якая гвалтоўна захоплена і эксплуатуецца імперыялістычнай дзяржавай. Калоніі еўрапейскіх дзяржаў. □ Гітлераўскія драпежнікі ставілі за мэту ліквідаваць савецкі грамадскі і дзяржаўны лад, заняволіць і фізічна знішчыць насельніцтва, ператварыць нашу рэспубліку ў калонію германскіх капіталістаў і памешчыкаў. Залескі.
2. Паселішча выхадцаў, перасяленцаў з другой краіны, вобласці. Грэчаскія калоніі на чарнаморскім ўзбярэжжы. Нямецкія калоніі ў Расіі. // Згуртаванне землякоў у чужой краіне, у чужым горадзе. Руская калонія ў Капстанцінопалі.
3. Месца жыхарства асоб, паселеных разам з той або іншай мэтай — лячэбнай, выхаваўчай, працоўнай. Дзіцячая выхаваўчая калонія.
4. Сукупнасць арганізмаў, якія жывуць у злучэнні адзін з адным. Калонія водарасцей. Калонія каралаў. Калоніі мікробаў.
[Ад лац. colonia — пасяленне.]
кало́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Памянш. да калона (у 1, 2 знач.).
2. Рад лічбаў, слоў, размешчаных па вертыкалі. Апошнія старонкі былі густа запоўнены незнаёмымі чарцяжамі і доўгімі калонкамі лічбаў. Шуцько. // Слупок тэксту ў газеце, кнізе і пад. Белыя старонкі з калонкамі вершаў заціснуты ў масіўную, цёмнага колеру, вокладку. Галавач.
3. Назва розных прыстасаванняў, якія маюць форму падоўжанага цыліндра (напрыклад, цыліндрычнага катла для награвання вады ў ваннай, прыстасаванне ў выглядзе высокага цыліндра з ручкай і кранам для адпускання вады, бензіну і інш., якія паступаюць сюды з цэнтральнага рэзервуара). На цэментавай пляцоўцы каля чырвонай бензінавай калонкі стаяла з паўдзесятка аўтамабіляў. Шамякін.
•••
Водаразборная калонка — калонка з водаправодным кранам, устаноўленая на паверхні зямлі і злучаная з водаправодам трубой.
калонлі́чба, ‑ы, ж.
Лічба, якой нумаруецца старонка кнігі, часопіса і інш.
[Ад ням. Kolumnenziffer.]
кало́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да калоны (у 1 знач.); з калонамі. Калонная зала. Калонны порцік.
калонты́тул, ‑а, м.
Надпіс з верху старонкі, які паўтарае загаловак кнігі або твора, прозвішча аўтара, адлюстроўвае змест старонкі і інш. Калонтытул у слоўніку.
[Ад фр. colonne — слупок і лац. titulus — надпіс, загаловак.]
кало́рыя, ‑і, ж.
Адзінка вымярэння колькасці цеплыні.
•••
Вялікая калорыя — колькасць цеплыні, патрэбная для павышэння тэмпературы аднаго кілаграма вады на адзін градус.
Малая калорыя — колькасць цеплыні, патрэбная для павышэння тэмпературы аднаго грама вады па адзін градус.
[Ад лац. calor — цеплыня.]
кало́с, ‑а, м.
1. Статуя, калона, абеліск гіганцкіх памераў. Калос Радоскі.
2. Кніжн. Пра каго, што‑н. выдатнае па сваёй велічыні, значнасці. Калос навукі.
•••
Калос на гліняных нагах (кніжн.) — пра што‑н. з выгляду велічнае, але слабае, гатовае распасціся.
кало́ссе, ‑я, н., зб.
Каласы. Схілілася налітае ядраным зернем калоссе. Васілевіч. Шасцяць у калоссі сярпы. Купала.
кало́цца 1, калюся, колешся, колецца; незак.
1. Мець здольнасць калоць (у 1 знач.). Пакоша ўжо не колецца, — бяскрайнюю раўніну.. накрыла светла-зялёная мяккасць атавы. Брыль. // Датыкаючыся да каго‑, чаго‑н., выклікаць боль (пра што‑н. вострае, калючае). Сямён шчакой прыхінаецца да.. [Машынай] шчакі, — колецца, бо даўно не галіўся. Мележ.
2. Ваюючы, б’ючыся, наносіць адзін аднаму раны вострай зброяй. А людзі? Яшчэ не пакінулі біцца, Калоцца, рэзацца... Куляшоў.
3. Разм. Бадацца; мець звычку калоць рагамі. Бык колецца.
•••
І хочацца і колецца гл. хацецца.
кало́цца 2, колецца; незак.
1. Паддавацца колцы; расшчапляцца, драбніцца. Калі не колецца палена, то ў яго ўбіваюць клін.
2. Зал. да калоць 2.