Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

завучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак.

Разм. Старанна вучачы што‑н., забыцца на ўсё іншае, правесці за заняткамі лішні час. // Стаміцца ад працяглай вучобы.

завучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., што.

Вучачы, запомніць, засвоіць; вывучыць. Завучыць верш на памяць. Завучыць формулу.

завушні́ца, ‑ы, ж.

Упрыгожанне, звычайна ў выглядзе кальца, якое прымацоўваецца да мочкі вуха. Па вуліцы бегае стараста Адам, тоўсты каржакаваты мужык з залатою завушніцаю ў правым вуху. Якімовіч. У кабінет Пятра Іванавіча, ззяючы завушніцамі, каралямі і бранзалетамі, увайшла высокая пышная бландзінка. Арабей.

заву́шны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца за вухам. Завушная пухліна.

завыва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. завываць — завыць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Завыванне ветру. □ Над шашою з завываннем праляцеў самалёт, пачуліся выбухі, енкі і стогны, плач дзяцей. Гурскі. Завіруха бушавала ўсю ноч і ўвесь дзень. Здавалася, не будзе канца яе лютай сіле, яе злоснаму завыванню. Колас.

завыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Перарывіста, нудна выць (пра сабак, ваўкоў і інш.). Завываюць ваўкі над курганамі. Купала. // Утвараць гукі, падобныя да выцця (пра з’явы прыроды). Сыпаў снег, завываў і скуголіў вецер, ірвучы саламяныя стрэхі. Гурскі. // Перарывіста, працяжна гучаць (пра маторы, сірэну і пад.). Завывалі сірэны. □ Недзе далёка ўсё яшчэ гудзеў, завываў самалёт. Новікаў.

2. перан. Тужліва пець, галасіць. [Чалавек] моцна біў у бубен, спяваў, завываў, балбатаў і скакаў, як звар’яцелы. Бяганская.

завы́сіць, ‑вышу, ‑высіш, ‑высіць; зак., што.

Беспадстаўна павысіць, зрабіць вышэйшым, чым трэба; проціл. занізіць. Завысіць нормы выпрацоўкі. Завысіць планы. Завысіць ацэнку.

завы́ць, ‑выю, ‑выеш, ‑вые; зак.

Пачаць выць. // Азвацца выццём; правыць. Куля завыла паўз самую яго [Лук’янскага] галаву. Чорны. Настане ноч — і ўсюды ціха, Хіба завые дзе ваўчыха Сярод трушчобы ў цёмным лесе. Колас.

•••

Хоць воўкам завый (вый) — пра цяжкае, бязвыхаднае становішча.

завы́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад завысіць.

2. у знач. прым. Які перавышае звычайныя нормы, аб’ём чаго‑н. і пад. Завышаныя цэны. Завышаныя патрабаванні.

завыша́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да завышаць.