Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каталі́цтва, ‑а, н.

Тое, што і каталіцызм.

каталіцы́зм, ‑у, м.

Веравызнанне заходняй хрысціянскай царквы, якую ўзначальвае рымскі папа.

каталі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да католік.

ката́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Стол на колцах для перавозкі хворых у бальніцы. Апоўначы Валю ўзялі ў аперацыйную. Яе не павялі, як звычайна, а паклалі на каталку. Карпаў.

катало́г, ‑а, м.

Спіс, сістэматызаваны пералік прадметаў (кніг, карцін, музейных экспанатаў і пад.), складзены ў пэўным парадку. Бібліятэчны каталог кніг. Алфавітны каталог. Сістэматычны каталог. Фондавы каталог.

[Ад грэч. katálogos — спіс, пералік.]

катало́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каталога. Каталожная картка. // Прызначаны для каталога. Каталожны пакой.

катало́нец,

гл. каталонцы.

катало́нка,

гл. каталонцы.

катало́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Каталоніі, каталонцаў. Каталонскія гарады. Каталонская літаратура.

катало́нцы, ‑аў; адз. каталонец, ‑нца, м.; каталонка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. каталонкі, ‑нак; ж.

Народ, які насяляе Каталонію — вобласць на паўночным ўсходзе Іспаніі.