запазы́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.
Пераняць, узяць адкуль‑н. Запазычыць ідэю. Запазычыць выраз. □ [Старшыня] нямала карыснага запазычыў з работы перадавікоў і цяпер, не шкадуючы сіл, гатоў дзяліцца вопытам сваёй арцелі. Дуброўскі.
запазяха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць пазяхаць.
запаі́ць, ‑паю, ‑поіш, ‑поіць; зак., каго.
1. Залішне напаіць; абпаіць. Запаіць цяля.
2. Задобрыць, частуючы гарэлкай. Запаіў [Езуп Юрканс] суддзю і забраў [зямлю ўдавы Марцініхі], як быццам за даўгі, а жанчыну пусціў жабраваць па свеце. Броўка.
запа́йванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. запайваць — запаяць.
запа́йвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да запаяцца.
2. Зал. да запайваць.
запа́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да запаяць.
запа́йка, ‑і, ДМ ‑пайцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. запайваць — запаяць.
запакава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад запакаваць.
2. у знач. прым. Змешчаны ў якую‑н. упакоўку, тару; упакаваны. Праз акно бачу, як двое рабочых.. здымаюць з грузавіка запакаваныя станкі. Жычка.
запакава́цца, ‑куецца; зак.
Укласціся, змясціцца пры ўпакоўцы; упакавацца. Рэчы добра запакаваліся.
запакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
Змясціць у якую‑н. упакоўку, тару для захавання або перасылкі; упакаваць. Запакаваць кнігі. □ Марынка запакавала рукавічкі ў мяшэчак, насыпала туды яшчэ гарбузікаў і паслала брату. Хомчанка. [Міхал] выцягнуў з-пад сена грошы, запакаваў у скрынку, шчыльна пакрыў зверху дошкай і хацеў забіць, але баяўся стуку. Чорны.