Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

запазне́нне, ‑я, н.

Нясвоечасовасць яўкі, выканання чаго‑н.; спазненне. Запазненне з сяўбой.

запазні́цца, ‑пазнюся, ‑познішся, ‑позніцца; зак.

1. З’явіцца, прыбыць пазней, чым трэба; спазніцца. Поезд запазніўся. Пісьмо запазнілася. // Наступіць, пачацца са спазненнем. Вясна запазнілася.

2. Затрымаўшыся, прабыць дзе‑н. да позняй пары. Канец, мусіць, быў бы невясёлы, каб на шчасце дзяўчынкі не напаткаў яе паляўнічы, які запазніўся ў лесе. Васілевіч.

3. з чым, з інф. і без дап. Зацягнуць выкананне чаго‑н., зрабіць што‑н. пазней, чым трэба. Запазніцца з сяўбой. □ У жончыным голасе.. прыкметная трывога — яна запазнілася будзіць мужа. Гартны. — Запрашай гасцей за стол, — падышла да [Андрэя] Марына. — Мы і так запазніліся. Шахавец.

запа́зуха, ‑і, ДМ ‑зусе, ж.

Разм.

1. Тое, што і пазуха (у 1 знач.). Нямко асцярожна ўзяў птушанятка ў рукі, пахукаў яму ў роцік, потым гэтак жа асцярожна палажыў у запазуху. Кулакоўскі.

2. у знач. прысл. запа́зухай. У пазусе, у запазусе. Схаваць грошы запазухай.

запазы́чанасць, ‑і, ж.

Наяўнасць доўгу (даўгоў). Ліквідаваць запазычанасць. □ З устанаўленнем Савецкай улады ўся запазычанасць памешчыкам, банкірам, буржуазнай дзяржаве была з сялян спісана. «Весці». // Разм. Адставанне па вучэбнай праграме; не здадзены студэнтам экзамен, залік і пад. У .. [Юркі] зноў была запазычанасць па англійскай мове, і ён пакуль ліквідаваў яе, адстаў ад хлопцаў. Карпаў.

запазы́чанне, ‑я, н.

Тое, што запазычана, перанята, узята адкуль‑н. Іншамоўныя запазычанні.

запазы́чаны, ‑ая, ‑ае.

Засвоены шляхам запазычвання. Запазычаныя словы.

запазы́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. запазычваць — запазычыць.

запазы́чвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да запазычваць.

запазы́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да запазычыць.

запазы́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Узяўшы пазыку, зрабіцца чыім‑н. даўжніком. Кажуць: можна перад кім хочаш запазычыцца, толькі не перад дзяржавай.