касцю́мны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да касцюма, прызначаны для яго. Касцюмны пінжак. Касцюмныя тканіны.
касцю́мчык, ‑а, м.
Памянш.-ласк. да касцюм; дзіцячы касцюм. Апрануты .. [Мікіта і Валодзька] па-дарожнаму — у цёмныя касцюмчыкі. Ракітны.
касцявы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да косці (у 1 знач.). Касцявая тканка. Касцявое рэчыва. // Прыгатаваны з косці, касцей. Касцявы клей. Касцявая мука.
•••
Касцявы мазоль гл. мазоль.
Касцявы мозг гл. мозг.
касця́к, ‑а, м.
Сукупнасць касцей як апора цела чалавека або жывёліны; шкілет. // чаго. Разм. Каркас, аснова чаго‑н. Касцяк машыны. // перан.; чаго або які. Асноўная частка чаго‑н., апора. Касцяк партыйнай арганізацыі. □ Касцяк сюжэта драмы [«Раскіданае гняздо»] складаюць факты і падзеі, што калісьці мелі месца ў сям’і Луцэвічаў. Ярош.
касцяне́ць, ‑ее; незак.
Ператварацца ў косць, станавіцца косцю. Рогі касцянеюць. Храсткі касцянеюць. // перан. Крэпнуць, дзеравянець ад холаду. Нібы ў клешчы, браў мароз у свае абдымкі .. [Надзіна] худзенькае цела. Ногі ўжо пачыналі касцянець. Бураўкін.
касцяні́цы, ‑ніц; адз. касцяніца, ‑ы, ж.
1. Лясная травяністая ягадная расліна сямейства ружакветных.
2. зб. Ярка-чырвоныя кіслыя ягады гэтай расліны.
касцяні́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да касцяніц. Касцянічнае лісце. // Прыгатаваны з касцяніц (у 2 знач.). Касцянічная настойка.
касця́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Плод раслін (напрыклад, вішні, слівы і інш.), адзінае семя якіх заключана ў цвёрдую абалонку.
2. Тое, што і касцяніцы. Вакол сасонак — буйныя сакавітыя касцянкі, верас. Бажко.
3. Сорт ігруш. Касцянку я добра памятаю. Гэтымі ігрушамі .. некалі мяне і маю маму частавала дзядзькава жонка Марыля. Васілевіч.
касцяны́, ‑ая, ‑ое.
1. Выраблены з косці (у 3 знач.). Касцяныя гузікі. Касцяная ручка нажа. □ Анатоль прайшоў у будан, моўчкі сагнуўся і падняў з коўдры белую касцяную расчоску з ручкай накшталт рыбінай галавы. Ваданосаў.
2. Здабыты, прыгатаваны з касцей жывёлы. Касцяная мука. Касцяны клей.
касця́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм.
1. Ігральны кубік або пласцінка; косць (у 4 знач.). У чырвоных кутках ляскалі касцяшкі даміно, перагортваліся свежыя газеты і часопісы, разбіраліся шахматныя задачы і разгадваліся красворды. Грахоўскі.
2. Шарык на лічыльніках; костачка (у 5 знач.). Пяцівочка прыўзняў лічыльнікі, скінуўшы касцяшкі на адзін бок. «Маладосць».