запаве́дны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца пад аховай; недатыкальны. Запаведныя лугі. Запаведныя помнікі прыроды.
запаве́т, ‑у, ДМ ‑веце; м.
Наказ, дадзены кім‑н. сваім наслядоўнікам або патомкам. Ленінскія запаветы. □ Паміраючы, бацька пакідаў запавет сыну, дзядзька — пляменніку, старэйшы брат — малодшаму. Пальчэўскі.
запаве́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які па-асабліваму цэніцца, старанна аберагаецца. На зямлі куточак запаветны, Родны ўтульны матчын агародчык... Кляўко. Зграя сабак ахоўвае Скарбы, дабро запаветнае. Дзяргай. // Патаемны, вядомы не ўсім. Каля непрыкметных Сцежак запаветных Раніцай вясковай Я знайшоў падкову. Танк. // Дарагі для каго‑н., задушэўны. У .. [Ермакова] тады жыла запаветная мара — стаць лётчыкам. Мележ. // Жаданы, доўгачаканы. Якуб.. прыйшоў у атрад з вінтоўкай, якую ён сам раздабыў і збярог да гэтага запаветнага часу. Брыль.
2. Атрыманы ў спадчыну ад мінулых пакаленняў; старадаўні. Запаветныя песні. □ Серадзібор можа нават пахваліцца, што там ніхто не замыкае дзвярэй нанач.. Так гэты запаветны звычай пачаў вяртацца і пасля вайны. Пестрак. // Казачны, легендарны. Усё жыццё шукаў мой дзед прыгонны Ад шчасця запаветныя ключы. Звонак.
3. Звязаны з запаветам, наказам, тайнай умовай. [Ганна Сяргееўна] аб многім хацела сказаць людзям, каб не забыцца, і дзецям запаветнае слова сказаць, калі з ёю што здарыцца. Няхай.
запаве́траць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
У выразах: каб ты запаветраў; хай яно запаветрае — каб ты прапаў (згінуў); хай яно прападзе (згіне). — Гэ, — загуў басам Алесь, — ці адну ноч не спаў я! Няхай яно, брат, запаветрае. Колас.
[Ад даўнейшага слова «поветрие» — пошасць, мор.]
запаво́ленасць, ‑і, ж.
Уласцівасць запаволенага.
запаво́ленне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. запаволіць і стан паводле знач. дзеясл. запаволіцца. Запаволенне руху. Запаволенне пульса.
запаво́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад запаволіць.
2. у знач. прым. Больш павольны, чым звычайна. Запаволеная кіназдымка. □ Валодзя спыніўся каля самай вады, паглядзеў на запаволеную плынь. Шамякін.
запаво́ліцца, ‑ліцца; зак.
Зрабіцца больш павольным. Рост расліны запаволіўся. Рух запаволіўся.
запаво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Зрабіць больш павольным; збавіць (рух, рост і пад.). Па вуліцы ішоў статак кароў, і машына запаволіла ход. Гамолка. «Давай, давай, яшчэ, яшчэ!» — гатоў быў крычаць Кірэй, каб толькі падахвоціць брата, каб толькі ён не запаволіў бег. Дамашэвіч.
запаво́льванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. запавольваць і стан паводле знач. дзеясл. запавольвацца. Запавольванне гарэння.