запаветны, ‑ая, ‑ае.
1. Які па-асабліваму цэніцца, старанна аберагаецца. На зямлі куточак запаветны, Родны ўтульны матчын агародчык... Кляўко. Зграя сабак ахоўвае Скарбы, дабро запаветнае. Дзяргай. // Патаемны, вядомы не ўсім. Каля непрыкметных Сцежак запаветных Раніцай вясковай Я знайшоў падкову. Танк. // Дарагі для каго‑н., задушэўны. У .. [Ермакова] тады жыла запаветная мара — стаць лётчыкам. Мележ. // Жаданы, доўгачаканы. Якуб.. прыйшоў у атрад з вінтоўкай, якую ён сам раздабыў і збярог да гэтага запаветнага часу. Брыль.
2. Атрыманы ў спадчыну ад мінулых пакаленняў; старадаўні. Запаветныя песні. ▪ Серадзібор можа нават пахваліцца, што там ніхто не замыкае дзвярэй нанач.. Так гэты запаветны звычай пачаў вяртацца і пасля вайны. Пестрак. // Казачны, легендарны. Усё жыццё шукаў мой дзед прыгонны Ад шчасця запаветныя ключы. Звонак.
3. Звязаны з запаветам, наказам, тайнай умовай. [Ганна Сяргееўна] аб многім хацела сказаць людзям, каб не забыцца, і дзецям запаветнае слова сказаць, калі з ёю што здарыцца. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)