Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

касцёр, ‑стра, м.

1. Агонь, распалены з кучы галля, дроў або ламачча; вогнішча. Раскласці касцёр. Партызанскія кастры. □ Нацягалі сухіх шыпулек, ламачча, і скора ўспыхнуў вялізны касцёр. Чарнышэвіч. Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра. Смагаровіч.

2. Складзеныя ў пэўным парадку дровы або іншы лясны матэрыял. Дровы складзены ў касцёр, Косцік вешае пілу ў падпаветцы на цвік. Васілевіч. // Абл. Стос, горка. Паміж двух лаў пад абразамі Туліўся стол з двума кастрамі Аладак грэцкіх, як пампушак. Колас.

3. Мацаванне са стоек, складзеных гарызантальна адна на адну ў выглядзе трохвугольных або квадратных калон, якія падпіраюць столь горнай распрацоўкі.

•••

Піянерскі касцёр — урачысты сход піянераў каля кастра.

касціна́, ‑ы, ж.

Разм. Асобна ўзятая косць; костка. Спаліў Іван злога Кашчэя так, каб касціна да касціны, сустаў да сустава не сышліся. Якімовіч.

касці́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З шырокай, буйной косцю, касцямі. Касцістая фігура. □ На пні прымасціўся Гарвада, Сярэдняга росту, худы, Касцісты і ёмкага складу. Колас. — А мне вы ўяўляліся зусім не такім — сказаў я, паціскаючы касцістую руку Эдуарда Людвігавіча. Хведаровіч.

2. Кастлявы, кашчавы. Была .. [паненка] кволая, бледная, мела тонкія касцістыя рукі і круглы кірпаносы твар. Лупсякоў.

3. З вялікай колькасцю дробных касцей. Касцісты лешч.

•••

Касцістыя рыбы гл. рыба.

касцю́м, ‑а, м.

1. Камплект адзення, які складаецца з пінжака, штаноў і часам камізэлькі (у мужчын) або жакета і спадніцы (у жанчын). Картовы касцюм. □ Гадомскі і Строіш былі ў касцюмах і плашчах. Брыль. Гэта высокая хударлявая жанчына хадзіла заўсёды ў строгім англійскім касцюме. Васілевіч.

2. (часцей з азначэннем). Адзенне спецыяльнага прызначэння. Спартыўны касцюм. Купальны касцюм. // Тэатральнае або маскараднае адзенне. Касцюм мушкецёра. Касцюмы да спектакля. □ Мільгалі твары ў масках і без масак, у самых нечаканых мудрагелістых касцюмах. Лобан.

касцюме́р, ‑а, м.

Работнік тэатра, які падрыхтоўвае касцюмы для спектакля. Касцюмеры прасуюць, чысцяць і разносяць па акцёрскіх пакоях вопратку. Рамановіч.

касцюме́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да касцюмер.

касцюме́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэатральных і маскарадных касцюмаў, звязаны з іх падрыхтоўкай і захоўваннем. Касцюмерны магазін.

2. у знач. наз. касцюме́рная, ‑ай, ж. Памяшканне для захоўвання тэатральных касцюмаў.

касцюмі́раваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад касцюміраваць.

2. у знач. прым. Адзеты ў маскарадны або тэатральны касцюм. // З удзельнікамі, адзетымі ў маскарадныя касцюмы. Касцюміраваны баль.

касцюмі́равацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак. і незак.

1. Надзець (надзяваць) па сябе тэатральны або маскарадны касцюм.

2. толькі незак. Зал. да касцюміраваць.

касцюмі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Адзець (адзяваць) у тэатральны касцюм.