Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

панервава́цца, ‑нервуюся, ‑нервуешся, ‑нервуецца; зак.

Нервавацца некаторы час.

пане́сены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад панесці (у 1, 2 знач.).

пане́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. панёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; зак., каго-што.

1. Узяўшы ў рукі або нагрузіўшы на сябе, пачаць перамяшчаць, дастаўляць куды‑н. Маці ўзяла .. [дзяўчынку] на рукі і панесла. Чорны. Назаўтра ўжо ўнук.. выступіў у паход: панёс пісьмо ў раён. Якімовіч. // перан. Перадаць, даставіць каму‑н.; распаўсюдзіць. Прафесар глядзеў на студэнтаў і радаваўся, што гэтыя маладыя, шчаслівыя, энергічныя людзі панясуць яго веды ва ўсе канцы Радзімы. Дуброўскі. Маша была хворая, і вестку .. [пра карнікаў] панесла ў атрад Алеся. Шамякін.

2. Пацягнуць сілай свайго руху. Вада панесла разам і дрэва, і людзей. Маўр. Панёс віхор пуньку разам, з сенам і саламянай стрэшкай. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Іх [ліхтары] сарвала вадой і ўдаль панясло, Іх рыбацкае крышыць вясло. Танк. // Вельмі хутка памчаць, павезці. Сомік ускочыў на сані, хвасянуў знячэўку каня і той, рвануўшы з месца галопам, панёс яго праз вёску, кідаючы сані на ўхабы. Крапіва. // без дап. Памчацца стрымгалоў (пра коней). — Кабыла ў .. Цупрона была наравістая. Упудзілася раз і панясла з .. гары. Брыль.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Прымусіць ісці куды‑н., пацягнуць (пераважна ў пытальных і клічных сказах). [Надзя] гатова была бегчы адсюль, каб нікога не бачыць, ні з кім не гаварыць. Але стрымала сябе. Толькі ў думках паўтарала: «Дурніца, дурніца, і панёс жа мяне чорт з гэтым Колькам». Грахоўскі. / у безас. ужыв. — Вярніся, .. Кастусёк! Вярніся! Куды цябе панесла ў такую рань? С. Александровіч.

4. безас. чым і без дап. Падзьмуць, павеяць халодным ветрам, завірухай і пад. Пасля марозаў, што не адпускалі тыднямі, цяпер раптам усталявалася адліга; падула з захаду, панесла густым, мокрым снегам. Пташнікаў. // Перадацца па паветры (пра пахі, цяпло і пад.). Панясло спёртаю духатою і нейкім удушлівым смуродам. Гартны.

5. перан. Зазнаць што‑н. непрыемнае, цяжкае; пацярпець ад чаго‑н. Праціўніку ў радзе месц удалося пацясніць нашы войскі, але і ён панёс вялікія страты. Новікаў. — Ворагу мы не даруем, ён запл[а]ціць за ўсё і панясе кару. Маўр.

6. перан. Разм. Пачаць гаварыць што‑н. бязглуздае, пустое. Сяргей панёс і панёс, як заведзены.. Столькі пагаварыў пра нашага.. [сабаку], што мы і самі паверылі. Ваданосаў.

7. перан. Выступіць носьбітам чаго‑н. Агонь, запалены на нашым свяце, — гэта агонь юнацтва, дружбы і міру. Нязгасным панясе яго моладзь у сваіх сэрцах. «Маладосць».

пане́сціся 1, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. панёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; зак.

1. Пачаць рухацца з вялікай хуткасцю; паімчацца. [Злобіч] штурхануў нагамі пад бакі каню, панёсся ад абоза. М. Ткачоў. Не замаруджваючы хады, цягнік панёсся далей. Арабей. Адразу дыхнула прахалодай, па дарозе закружыліся віхорчыкі і панесліся ў стэп. Даніленка. // Разм. Хутка пабегчы, накіравацца куды‑н. Выскачыў [сын] на двор, аглянуўся — маці бегла за ім — і з усіх ног панёсся цераз агароды да лесу. Капыловіч. Заяц, як мячык, падскочыў угару, крута павярнуў і яшчэ хутчэй панёсся полем на рог лесу. Краўчанка.

2. перан. Пачаць распаўсюджвацца (пра гукі, пахі і г. д.). — Бо-о-ом! Бо-о-ом! — далёка панеслася водгулле ў начной цішыні. С. Александровіч. Паняслася песня хваляй, Хваляй па азёрах. Танк. Вокліч падхапілі вязні ўсіх камар, і ён панёсся па ўсіх трох паверхах турмы. Машара. // Распаўсюдзіцца, стаць вядомым (пра чуткі, звесткі і пад.). Зноў свісты «Салаўя».. Зноў аб ім панеслася гучная слава па ўсіх маёнтках. Бядуля.

пане́сціся 2, ‑нясуцца; пр. панесліся і панясліся; зак.

Разм. Знесціся — пра птушак.

па́ні, нескл., ж.

Жан. да пан.

панібра́т, ‑а, М ‑браце, м.

Разм. Блізкі знаёмы, прыяцель. З людзьмі [пісар Дулеба] сходзіцца борзда і адразу ўваходзіць у ролю панібрата. Колас.

панібра́цкі, ‑ая, ‑ае.

Бесцырымонны, фамільярны. Славік засунуў рукі ў кішэні вузенькіх штаноў, бадзёра абышоў стол, наблізіўся да бацькі, як бы дэманструючы, што ён нічога не баіцца і што ўвогуле з бацькам у яго адносіны вось такія — панібрацкія. Шамякін.

панібра́цтва, ‑а, н.

Залішняя бесцырымоннасць, фамільярнасць у абыходжанні. Хлопцы адкінулі ў адносінах да Маі ранейшае панібрацтва і стараліся быць галантнымі. Карпюк.

паніжа́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які служыць, прызначаны для паніжэння напружання электрычнага току. Паніжальная падстанцыя.

пані́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад панізіць.

2. у знач. прым. Ніжэй нармальнага. Паніжаная тэмпература. Паніжаны ціск. // перан. Дрэнны. Паніжаны настрой.