панесціся 1, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. панёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; зак.
1. Пачаць рухацца з вялікай хуткасцю; паімчацца. [Злобіч] штурхануў нагамі пад бакі каню, панёсся ад абоза. М. Ткачоў. Не замаруджваючы хады, цягнік панёсся далей. Арабей. Адразу дыхнула прахалодай, па дарозе закружыліся віхорчыкі і панесліся ў стэп. Даніленка. // Разм. Хутка пабегчы, накіравацца куды‑н. Выскачыў [сын] на двор, аглянуўся — маці бегла за ім — і з усіх ног панёсся цераз агароды да лесу. Капыловіч. Заяц, як мячык, падскочыў угару, крута павярнуў і яшчэ хутчэй панёсся полем на рог лесу. Краўчанка.
2. перан. Пачаць распаўсюджвацца (пра гукі, пахі і г. д.). — Бо-о-ом! Бо-о-ом! — далёка панеслася водгулле ў начной цішыні. С. Александровіч. Паняслася песня хваляй, Хваляй па азёрах. Танк. Вокліч падхапілі вязні ўсіх камар, і ён панёсся па ўсіх трох паверхах турмы. Машара. // Распаўсюдзіцца, стаць вядомым (пра чуткі, звесткі і пад.). Зноў свісты «Салаўя».. Зноў аб ім панеслася гучная слава па ўсіх маёнтках. Бядуля.
панесціся 2, ‑нясуцца; пр. панесліся і панясліся; зак.
Разм. Знесціся — пра птушак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)