Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кансігна́цыя, ‑і, ж.

Спец. У капіталістычных краінах — разнавіднасць продажу тавару за мяжу, пры якім уладальнік тавару (кансігнат) адпраўляе яго на склад замежнай фірмы (кансігнатару) на камісію для продажу па пэўных умовах.

[Ад лац. consignatio — пісьмовае пацвярджэнне, дакумент.]

кансі́ліум, ‑у, м.

Нарада некалькіх урачоў для абмеркавання стану хворага, удакладнення дыягназу і спосабаў лячэння. Склікаць кансіліум. Правесці кансіліум. □ Кансіліум выявіў у Давіда адкрыты працэс сухотаў. Машара.

[Лац. consilium.]

кансісто́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кансісторыі. Кансісторскі чыноўнік. Кансісторскія акты.

кансісто́рыя, ‑і, ж.

1. Падначалены архірэю калегіяльны епархіяльны орган з царкоўна-адміністрацыйнымі і судовымі функцыямі ў дарэвалюцыйнай Расіі.

2. У каталіцкай царкве — нарада кардыналаў з удзелам папы.

[Ад лац. consistorium — месца сходу.]

кансістэ́нтны, ‑ая, ‑ае.

Якому ўласціва значная кансістэнцыя. Кансістэнтная мазь.

кансістэ́нцыя, ‑і, ж.

Ступень шчыльнасці, цвёрдасці рэчыва; густата чаго‑н. Цвёрдая кансістэнцыя. Вадкая кансістэнцыя.

[Ад лац. consistentia — састаў.]

канскры́пцыя, ‑і, ж.

У некаторых еўрапейскіх краінах да ўвядзення ўсеагульнай воінскай павіннасці — сістэма камплектавання арміі на аснове воінскай павіннасці з правам выкупіцца або паставіць на сваё месца другога.

[Ад лац. conscriptio — унясенне ў спісы.]

кансо́ль, ‑і, ж.

1. Выступ у сцяне для падтрымкі некаторых частак будынка (карніза, балкона і інш.) або для ўстаноўкі на ім скульптур.

2. Падстаўка ў выглядзе калонкі для кветак, лямпы, статуэткі і інш.

[Фр. console.]

кансо́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кансолі; з кансолямі. Кансольная бэлька. Кансольны кран. Кансольная сістэма.

кансо́рт, ‑а, М ‑рце, м.

У Вялікабрытаніі — муж каралевы, які не з’яўляецца манархам.