заго́ртваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да загарнуць.
заграба́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да заграбаць (у 1, 2 знач.).
заграба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што. Захопліваючы, грабучы, збіраць у адно месца, у кучу; зграбаць. Заграбаць сена. □ Ячны .. заграбае рукамі ў кужэльны беленькі фартух залатыя зярняты. Брыль. // (звычайна са словамі «нага», «ногі»). Чапляць, ссоўваць зямлю пры хадзьбе. Заграбаць нагамі. □ Акаваныя жалезам боты пакінулі след... Можа Змітрок Шэмет? Не. У Змітрака адна падкова трэснула, да таго ж, ён заграбае абцасам зямлю, не пакідаючы яснага следу. Бажко. // перан. Разм. З прагнасцю захопліваць, прысвойваць; многа атрымліваць, зарабляць. — Паны заўсёды заграбалі лепшыя землі сабе, заўсёды адціскалі нашага брата бліжэй да балота і пяскоў. Брыль.
2. што. Закопваць у што‑н. сыпкае. Пакуль Андрэй заграбаў у снег Зялёнкавы транты, у галаве яго зусім праяснілася. Чарнышэвіч.
3. Грэбці вёсламі, рукамі і пад. Міканор Іванавіч рытмічна апускаў вёслы, адкідваўся назад і моцна, напружваючы сілы, заграбаў. Даніленка. Нейкі момант Казік яшчэ спрабаваў утрымацца ў паветры. Дрыгаў нагамі, сутаргава заграбаў рукамі. Шыловіч.
4. Незак. да загрэбці (у 2 знач.).
•••
Хоць граблямі (лапатай) заграбай — пра вялікую колькасць чаго‑н.
Чужымі рукамі жар заграбаць — карыстацца вынікамі чужой працы ў сваіх карыслівых мэтах.
заграбу́шчы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які імкнецца пабольш захапіць сабе; прагны. Ёсць прагныя, з заграбушчымі рукамі, як гэты Забела, ёсць больш памяркоўныя, якія бяруць па патрэбе, з аглядкай. Навуменка.
заграза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да загразнуць.
загра́злы, ‑ая, ‑ае.
Які засеў, завяз у гразі. Дождж сячэ ў палях загразлыя падводы. Танк.
загра́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. загра́з, ‑ла; зак.
Засесці, завязнуць у чым‑н. топкім, гразкім. Некалькі танкаў пры падыходзе да вышыні загразлі ў балоце. Мележ. Ногі бусла, калі ён сеў, загразлі па самае пер’е. Дуброўскі. // перан. Трапіўшы ў якое‑н. непрыемнае, цяжкае становішча, не знайсці сіл выбрацца з яго. Загразнуць у даўгах.
заграні́ца, ‑ы, ж.
Зарубежныя краіны. Свае гарады ўспаміналі з любоўю Салдаты, стаміўшыся ад заграніц. Панчанка. // Тэрыторыя па той бок дзяржаўнай мяжы. З таго берага рэчкі, з заграніцы, чуваць крыкі пеўняў. Бядуля.
заграні́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да заграніцы; замежны, іншаземны. Загранічныя тавары. // Звязаны з паездкай за граніцу, са знаходжаннем за граніцай. Загранічнае падарожжа.