заграба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што. Захопліваючы, грабучы, збіраць у адно месца, у кучу; зграбаць. Заграбаць сена. □ Ячны .. заграбае рукамі ў кужэльны беленькі фартух залатыя зярняты. Брыль. // (звычайна са словамі «нага», «ногі»). Чапляць, ссоўваць зямлю пры хадзьбе. Заграбаць нагамі. □ Акаваныя жалезам боты пакінулі след... Можа Змітрок Шэмет? Не. У Змітрака адна падкова трэснула, да таго ж, ён заграбае абцасам зямлю, не пакідаючы яснага следу. Бажко. // перан. Разм. З прагнасцю захопліваць, прысвойваць; многа атрымліваць, зарабляць. — Паны заўсёды заграбалі лепшыя землі сабе, заўсёды адціскалі нашага брата бліжэй да балота і пяскоў. Брыль.
2. што. Закопваць у што‑н. сыпкае. Пакуль Андрэй заграбаў у снег Зялёнкавы транты, у галаве яго зусім праяснілася. Чарнышэвіч.
3. Грэбці вёсламі, рукамі і пад. Міканор Іванавіч рытмічна апускаў вёслы, адкідваўся назад і моцна, напружваючы сілы, заграбаў. Даніленка. Нейкі момант Казік яшчэ спрабаваў утрымацца ў паветры. Дрыгаў нагамі, сутаргава заграбаў рукамі. Шыловіч.
4. Незак. да загрэбці (у 2 знач.).
•••
Хоць граблямі (лапатай) заграбай — пра вялікую колькасць чаго‑н.
Чужымі рукамі жар заграбаць — карыстацца вынікамі чужой працы ў сваіх карыслівых мэтах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)