Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ка́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Галаўны ўбор, звычайна металічны, у выглядзе шлема (у ваенных, пажарнікаў і інш.). Салдацкая каска. □ Коскі, як на байцах-героях, Што не зналі да ворага ласкі, Самы мірны, аднак, па настроях Салігорскі народ у касках! Лойка.

[Фр. casque.]

каска́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Вадаспад з уступамі.

2. перан.; чаго. Вялікае мноства, багацце, імклівы паток чаго‑н. Каскад слоў. □ Яшчэ момант — і высокі голас Мар’яны .. па-салаўінаму рассыпаўся каскадам трэляў, нібы срэбраны званочак, зазвінеў пад самай столлю. Стаховіч. Узнімаючы каскады ружовых пырскаў, з шумам падалі ў раку падмытыя дрэвы. Хомчанка.

3. У цыркавым мастацтве — прыём падзення з каня.

4. У тэхніцы — звязаныя між сабой крыніцы энергіі, рухавікі, машыны.

•••

Каскад гідраэлектрастанцый — група гідраэлектрастанцый, размешчаных па цячэнню ракі на адлегласці адна ад адной і звязаных між сабой агульным водагаспадарчым рэжымам.

[Фр. cascade.]

каскадзёр, ‑а, м.

1. У цыркавым мастацтве — выканаўца нумара, які звычайна мае характар пантамімічнай сцэнкі і заснаваны на камічных акрабатычных падзеннях (каскадах).

2. Асоба, якая выконвае ў кінафільмах складаныя або небяспечныя для жыцця трукі.

[Фр. cascadeur.]

каска́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каскада, утварае каскад (у 1 знач.). Каскадны горны ручай. План каскаднага асваення ракі.

каске́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Лёгкі мужчынскі галаўны ўбор з казырком і аколышкам.

[Фр. casquette.]

касмаба́чанне, ‑я, н.

Тэлевізійныя перадачы з касмічнага апарата або на вялікія адлегласці праз штучны спадарожнік Зямлі як рэтранслятар. Савецкае касмабачанне.

касмагані́чны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з вывучэнном Сусвету. Касмаганічная тэорыя. Касмаганічная гіпотэза.

касмаго́нія, ‑і, ж.

Галіна навукі, у якой вывучаецца паходжанне, развіццё нябесных цел і іх сістэм.

[Ад грэч. kosmogonía — паходжанне свету.]

касмагра́фія, ‑і, ж.

Уст. Апісанне бачнай часткі Сусвету. // Вучэбны прадмет, які выкладаў асновы вучэння аб зямным шары і Сусвеце.

[Ад грэч. kósmos — Сусвет і graphō — пішу.]

касмадро́м, ‑а, м.

Тэрыторыя з комплексам спецыяльных збудаванняў, дзе адбываецца зборка, падрыхтоўка і запуск касмічных ракет.

[Ад грэч. kósmos — Сусвет і drómos — месца для бегу, бег.]