Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кансервато́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кансерваторыі. Кансерваторская адукацыя.

кансервато́рыя, ‑і, ж.

Вышэйшая музычная навучальная ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне музычнага мастацтва — выканаўцаў, кампазітараў, музыказнаўцаў.

[Іт. conservatorio.]

кансерваты́зм, ‑у, м.

Схільнасць да ўсяго старога, аджыўшага і варожасць да новага, прагрэсіўнага; кансерватыўныя погляды. Кансерватызм у кіраўніцтве. □ [Ён] рэзка нападаў на звычкі свайго народа, жорстка высмейваў яго забабоны і .. бічаваў яго акасцянеласць і кансерватызм. Колас. — Самае страшнае, таварышы, калі людзі звыкаюцца са становішчам, якое ёсць. Гэта называецца кансерватызмам, застоем. Шамякін.

кансерваты́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць кансерватыўнага. Кансерватыўнасць поглядаў. □ С першых жа дзён Максіму прышлося ваяваць з сялянскай кансерватыўнасцю. Колас.

кансерваты́ўны 1, ‑ая, ‑ае.

Варожы новаму, прагрэсіўнаму, прыхільны да старога, аджыўшага. Кансерватыўная палітыка. Кансерватыўны чалавек. Кансерватыўная партыя.

[Ад лац. conservativus — ахавальны.]

кансерваты́ўны 2, ‑ая, ‑ае.

Які ажыццяўляецца без хірургічнага ўмяшання (пра спосаб лячэння). Кансерватыўная тэрапія.

кансерва́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. кансерваваць (у 2, 3 знач.). Кансервацыя музейных экспанатаў. Кансервацыя прадпрыемстваў.

кансе́рвы, ‑аў; адз. няма.

1. Прадукты харчавання, спецыяльна апрацаваныя (шляхам варкі, салення, стэрылізацыі) і расфасаваныя ў герметычную тару для доўгатэрміновага захоўвання. Рыбныя кансервы. Малочныя кансервы.

2. Спец. Акуляры, якія служаць для аховы вачэй ад яркага святла, пылу і інш.

[Фр. conserves.]

кансігна́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Спец. У капіталістычных краінах — уладальнік тавару, які прадаецца за мяжу праз пасрэдніцтва камісіянера (кансігнатара).

кансігна́тар, ‑а, м.

Спец. У капіталістычных краінах — гандлёвы пасрэднік, які прадае тавар, прывезены з-за мяжы для продажу па камісійных умовах.

кансігнацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да кансігнацыі. Кансігнацыйная здзелка.