Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

калмы́к,

гл. калмыкі.

калмы́кі, ‑аў; адз. калмык, ‑а, м.; калмычка, ‑і, ДМ ‑чцы; мн. калмычкі, ‑чак; ж.

Народ, які жыве пераважна ў Калмыцкай АССР, а таксама ў Астраханскай, Валгаградскай, Растоўскай абласцях і ў Стаўрапольскім краі РСФСР.

калмы́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да калмыка, калмыкаў, належыць ім. Калмыцкая мова. Калмыцкая культура.

калмы́чка,

гл. калмыкі.

кало́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Кароткае тоўстае бервяно. [Мядзведзіца] пераварочвала старыя, трухлявыя калоды, заваленыя бураломам, і ў чорнай вільготнай глебе заўсёды знаходзіла пад імі мноства тлустых лічынак, чарвей і слімакоў. В. Вольскі. Калоды звязалі браты адну з адной і зрабілі моцны плыт. Якімовіч. // Абрубак тоўстага бервяна, прыстасаваны для якіх‑н. гаспадарчых або бытавых патрэб. [Гаспадар] сядзеў у адной бялізне на калодзе перад лямпаю і круціў папяросу. Чорны. У дашчанай майстэрні Ігнась з грукатам і лёскатам выпростваў на калодзе вялікія лісты бляхі. Мурашка. // перан. Разм. пагард. Пра непаваротлівага, нязграбная чалавека.

2. Вулей, зроблены з камля дуплістага дрэва. Пасека, якая налічвала не больш дваццаці вулляў, старасвецкіх калод, знаходзілася за садам і ўпіралася ў малады сасняк. Пестрак. Старасвецкі гэты вулей — выдзеўбаную дубовую калоду — прывыклі бачыць на сасне. Навуменка.

•••

Цераз пень калоду гл. пень.

кало́да 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Камплект ігральных карт. [Ліза і Наталля] дасталі з-за люстэрка растрыбушаную, як вага, калоду карт і варажылі. Чорны.

кало́дачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш. да калодка (у 1, 2, 4, 5, 6 і 7 знач.).

кало́дачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да калодкі. Калодачны матэрыял. Калодачная планка. Калодачная падэшва.

кало́ддзе, ‑я, н., зб.

Калоды. — А я ж думала, што цябе ці ваўкі з’елі ці мядзведзі забілі, у мох зацягнулі, закапалі і калоддзем завярнулі! З нар.

кало́дзеж, ‑а і кало́дзезь, ‑я, м.

1. Вузкая глыбокая яма, звычайна ўмацаваная ад абвалаў зрубам, трубамі для здабывання вады з ваданосных слаёў зямлі. На вуліцы Лясніцкі сустрэў Макрыну — яна ішла ад калодзежа з поўнымі вёдрамі вады. Зарэцкі. Зарыпеў журавель над калодзежам. Колас.

2. (звычайна з азначэннем). Яма, якая служыць для розных тэхнічных патрэб. Шахтавы калодзеж. Каналізацыйны калодзеж. Кабельны калодзеж.

•••

Артэзіянскі калодзеж — буравы калодзеж з труб, які падае глыбінную напорную ваду.

кало́дзежны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да калодзежа. Калодзежны журавель.

2. Які ажыццяўляецца, праводзіцца пры дапамозе калодзежаў (у 2 знач.). Калодзежная здабыча нафты.