Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паму́чыць, ‑мучу, ‑мучыш, ‑мучыць; зак., каго.

Мучыць, некаторы час. [Маша] памучыла .. [Славіка] мінут пятнаццаць. І толькі калі ўбачыла, што цярпенне яго вычарпалася і ён энергічна рушыў у парк, яна пайшла насустрач — на выхад. Шамякін.

памуштрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго.

Муштраваць некаторы час.

памфле́т, ‑а, М ‑леце, м.

Мастацка-публіцыстычны твор сатырычнага (часам палемічнага) характару, накіраваны супраць якой‑н. асобы, грамадскага ладу, палітычнай з’явы. Вершы «Адказ», «Эпігафія» [М. Танка] .. з’яўляюцца вострымі літаратурнымі памфлетамі, у якіх паэт-камуніст выкрыў здраду. У. Калеснік. Аб’ектам сатыры ў памфлеце могуць быць таксама і паасобныя адмоўныя з’явы грамадскага жыцця, недахопы людзей. А. Макарэвіч.

[Англ. pamphlet.]

памфле́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да памфлета. Памфлетны стыль.

памфлеты́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Аўтар памфлетаў.

памфлеты́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да памфлетыст.

памча́цца, ‑мчуся, ‑мчышся, ‑мчыцца; зак.

Пачаць рухацца з вялікай хуткасцю; панесціся ​1. Напалову пусты аўтобус развярнуўся і хутка памчаўся па вуліцы. Грахоўскі. Двое коннікаў тут жа памчаліся ў другі канец вёскі. Пальчэўскі. Саша падхапіў веласіпед і памчаўся. Новікаў. // Хутка пабегчы, накіравацца куды‑н. Якаў на хаду схапіў бушлат і памчаўся ў гараж. Кулакоўскі.

памча́ць, ‑мчу, ‑мчыш, ‑мчыць; зак.

1. каго-што. Пачаць імчаць, вельмі хутка, стрымгалоў павезці каго‑, што‑н. Голасна коні заржалі на пашы, Гвардыі смелых памчалі на бітвы. Купала. // Захапіўшы, пацягнуць за сабой сілай руху. Прачнуўся вецер І па свеце Памчаў сарваныя лісты. Тарас.

2. Тое, што і памчацца. Поезд зрабіў невялікі прыпынак на гадзіну.. і памчаў на Брэст. Філімонаў. — Воўк! — крыкнуў [дзед] і напрасткі памчаў да берага. Сачанка.

памы́і, ‑яў; адз. няма.

Брудная вада пасля мыцця чаго‑н. (звычайна з якімі‑н. адкідамі). Гаспадыня.. загадвала мне выносіць на двор памыі. Бядуля. / Аб рэдкай нясмачнай ежы. — А кормяць як... — сказаў хлапчук з Чэрвеня. — Адны памыі. Якімовіч.

•••

Абліць памыямі гл. абліць.

памы́йніца, ‑ы, ж.

1. Памыйная яма, месца, куды выліваюць памыі.

2. Пасудзіна, у якую зліваюць памыі. Адам зайшоў у хату.., кіўнуў нязванаму госцю галавой і з гаспадарскай заклапочанасцю ступіў да памыйніцы, стаў паліваць з кубка сабе на рукі. Кулакоўскі.