запіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да запяць.
за́пінка,
гл. за́панка.
запі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж. (звычайна з прыназ. «без»).
Замінка, затрымка ў гаворцы, выкліканая цяжкасцю ў падборы патрэбнага слова, няўпэўненасцю або збянтэжанасцю гаворачай асобы. Алік без запінкі, ні разу нават не збіўшыся, Заказаў абедзве тэарэмы. Краўчанка.
запіра́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. запіраць — заперці (у 1, 2 знач.).
запіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да заперціся (у 1, 2 знач.).
2. Разм. Зацята маўчаць, замоўчваць што‑н. Запірацца на допыце.
3. Зал. да запіраць.
запіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заперці.
за́піс, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. запісваць — запісаць 1 (у 1, 2, 3 і 4 знач.).
2. Пісьмовая перадача, змест чаго‑н.; запісаныя на паперы думкі, заўвагі і пад. Блакнот з запісамі. □ Пасля летніх канікул на першым жа ўроку рускай літаратуры Фядот Андрэевіч Кудрынскі сабраў у вучняў другога класа сшыткі з запісамі народных песень і казак. С. Александровіч.
3. Уст. Назва некаторых афіцыйных дакументаў. Нічыпару здаецца, што ўсё тое было нейкім неверагодным, блытаным сном. Вяселле, вянчанне ў царкве, даравальны запіс і год недарэчнага жыцця. Асіпенка.
запі́саны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад запісаць.
2. у знач. прым. Афіцыяльна аформлены ў шлюбе.
запіса́цца, ‑пішуся, ‑пішашся, ‑пішацца; зак.
1. Унесці сябе ў які‑н. спіс. Запісацца на прыём да ўрача. // Уступіць куды‑н., уключыцца ў лік каго‑н. Запісацца ў калгас. □ Нястомная і няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі і ўсюды паспявала. Шамякін. // Разм. Палічыць сябе кім‑н., прылічыць сябе да каго‑н. Былы панскі лёкай Мацвей Цюхна з аканомам Падвысоцкім запісаліся ў мяцежнікі. Якімовіч.
2. з кім і без дап. Разм. Аформіць дакументы аб уступленні ў шлюб. У Тэклі сын з дачкой суседкі пакахаўся і неўзабаве запісаўся. Корбан.
3. Аказацца запісаным, улічаным. — А вяровак я паўю. Прыйду ды наўю. Можа і мне, старому, які дзень запішацца. Сабаленка.
4. Захапіўшыся пісаннем, забыцца на час.
запіса́ць 1, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак., каго-што.
1. Перадаць што‑н. у пісьмовай форме; занесці на паперу. Запісаць прамову. □ У Сымона думак многа, Не запішаш нават іх. Колас.
2. Нанесці на плёнку, пласцінку з дапамогай спецыяльнага апарата. Запісаць на плёнку песню. Запісаць на відэамагнітафон.
3. Унесці, упісаць у які‑н. спіс, рэестр, кнігу і пад. Запісаць у журнал прозвішча вучня. □ [Самоцька] ужо і забыўся на той плуг, з прычыны якога Зэня запісаў яго ў спіс. Чорны. // Уключыць у лік каго‑н. Запісаць у сведкі. // Залічыць у якую‑н. установу. Запісаць сына ў школу. // Пачаць лічыць каго‑н. кім‑н. Запісаць сябе ў старыя.
4. Вызначыўшы што‑н. каму‑н., зрабіць аб гэтым адпаведны запіс. Запісаць вымову. Запісаць падзяку. □ Рыгорка ўсім запісаў па паўтара працадня. Дуброўскі.
5. на каго. Разм. Скласці дакумент аб перадачы каму‑н. чаго‑н. Запісаць дом на сына.
6. Разм. Пакрыць што‑н. пісьмовымі знакамі; спісаць. Запісаць усю старонку.
•••
Запісаць на лбе — добра запомніць.
запіса́ць 2, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак.
Разм. Пачаць пісаць.
запі́сванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. запісваць — запісаць.