запіса́цца, ‑пішуся, ‑пішашся, ‑пішацца; зак.

1. Унесці сябе ў які‑н. спіс. Запісацца на прыём да ўрача. // Уступіць куды‑н., уключыцца ў лік каго‑н. Запісацца ў калгас. □ Нястомная і няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі і ўсюды паспявала. Шамякін. // Разм. Палічыць сябе кім‑н., прылічыць сябе да каго‑н. Былы панскі лёкай Мацвей Цюхна з аканомам Падвысоцкім запісаліся ў мяцежнікі. Якімовіч.

2. з кім і без дап. Разм. Аформіць дакументы аб уступленні ў шлюб. У Тэклі сын з дачкой суседкі пакахаўся і неўзабаве запісаўся. Корбан.

3. Аказацца запісаным, улічаным. — А вяровак я паўю. Прыйду ды наўю. Можа і мне, старому, які дзень запішацца. Сабаленка.

4. Захапіўшыся пісаннем, забыцца на час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)