Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

забэ́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пачаць бэкаць.

забяга́йлаўка і забяга́лаўка, ‑і, ДМ ‑лаўцы; Р мн. ‑лавак; ж.

Разм. пагард. Піўная. — На ражку, у забягайлаўцы, Ганна Максімаўна, спаткаў сівабародага. Аказваецца, і стары не дурны ў губу ўзяць, але ўсё ўхітраецца на дармаўшчыну. Гурскі.

забяга́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. забягаць — забегчы.

забяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да забегчыся.

забяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да забегчы.

забяле́цца, ‑еецца; зак.

Тое, што і забялець. Кіламетраў праз колькі нечакана забялелася вялікая, пагорыстая дзялянка. Сачанка.

забяле́ць, ‑ее; зак.

1. Пачаць бялець, стаць белым. Ужо забялеў золак першага дня новага года, калі Рыгор крыху заснуў. Гартны. Забялелі, зружавелі яблыні і вішні. Бялевіч.

2. Вылучыцца сваім белым колерам, паказацца (пра што‑н. белае). Наперадзе забялелі палаткі. □ Азёры, азёры, азёры ў далі забялелі. Танк.

забялі́цца, ‑беліцца; зак.

Паддацца пабелцы, забельванню. Плямы на сценах добра забяліліся.

забялі́ць, ‑бялю, ‑беліш, ‑баліць; зак., што.

1. Зрабіць белым, пакрыўшы бяліламі, мелам і пад. Забяліць цёмныя палосы. // Зрабіць белым, пакрыўшы сабой. Першая пароша забяліла прасторы. Сабаленка.

2. Прыправіць страву малаком, смятанай. Забяліць булён. □ — Капуста посная. Пачакай, я смятанаю забялю ды малака прынясу. Чарнышэвіч.

забяспе́чанасць, ‑і, ж.

Ступень забеспячэння чым‑н. Забяспечанасць школ падручнікамі. Забяспечанасць палівам.

•••

Матэрыяльная забяспечанасць — дастатак, дабрабыт. У выразах твару людзей .. адчуваўся.. супакой, супакой сытнасці і забяспечанасці. Бядуля.