карчма́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да карчмар.
карчма́рства, ‑а, н.
Трыманне карчмы; занятак карчмара. — Думаеце, выгадная рэч карчмарства? Вечна не даспіш, заўсёды на нагах. Гартны.
карчма́рыха, ‑і, ДМ ‑рысе, ж.
Жонка карчмара.
карчма́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Трымаць карчму, быць карчмаром.
карчо́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
Памянш.-ласк. да карчма; невялікая карчма. А з-за дрэў страха зірнула І два коміны на ёй. Падышоў Сымон — карчомка Са стадолай і дваром. Колас.
карчо́мны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да карчмы, належыць ёй. Карчомны дом. □ Начаваў .. [Гушка] дзесьці на самай глухой вуліцы ў карчомнай стадоле. Чорны.
карчу́к, ‑а, м.
Абл. Невялікі корч. Мацей падняўся з карчука і моўчкі пайшоў у бок дарогі. М. Стральцоў.
карчы́сты, ‑ая, ‑ае.
З вялікай колькасцю карчоў, пнёў. Вільготны вецер вее аднекуль з ціхіх палявых дарог, .. з карчыстых тарфяных альшанікаў. Пестрак.
карчэ́ўе, ‑я, н., зб.
Карчы, пні. Ногі мы даволі грунтоўна паабдзіралі ў асацэ ды карчэўі. Брыль. — Зашыўся [бабёр] недзе ў карчэўе, не пайшоў канавай, — здагадаўся бацька. Масарэнка.