карумпі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.
Падкупляць, разлагаць подкупам.
кару́начніца, ‑ы, ж.
Жанчына, якая вырабляе карункі.
кару́нд, ‑у, М ‑дзе, м.
Вельмі цвёрды мінерал, разнавіднасцямі якога з’яўляюцца рубін, тапаз, сапфір.
[Ням. Korund.]
кару́ндавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да карунду. Карундавыя залежы. // Зроблены з карунду. Карундавая іголка для грамафонных пласцінак.
кару́нкавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да карункаў. Карункавыя вырабы. Карункавая вытворчасць. // Зроблены з карункаў, з карункамі. Карункавая сурвэтка. Карункавы каўнерык. □ Жанчына ў чорным сядзела на заднім сядзенні, прылажыўшы да рота чорную карункавую хустачку. Караткевіч.
2. перан. Узорысты, сятчасты, падобны на карункі. Мароз выткаў на шыбах дзівосныя карункавыя ўзоры. Шамякін. Карункавае павуцінне лятала ў чыстым .. паветры, чапляючыся за дрэвы, за платы. Шахавец.
кару́нкі, ‑аў; адз. няма.
Ажурныя, сятчастыя вырабы з ільняных, шаўковых і інш. нітак для аздобы бялізны, адзення і пад. Рукавы абрамлялі танюсенькія карункі. Машара. На развітанне .. Кася падаравала .. тоненькую насовачку, аздобленую карункамі. Васілевіч. // перан.; чаго або якія. Тое, што сваім выглядам нагадвае такі выраб. А мора ўжо ўгаманілася, толькі на прыбярэжнай кручы ды на мокрым жвіры пляжа віднеліся белыя карункі пены. Сабаленка. Сонца .. паклала на палаючыя вокны двухпавярховага драўлянага дома свае мядзяныя карункі. Рамановіч.
кару́пцыя, ‑і, ж.
Падкупнасць і прадажнасць службовых асоб і грамадскіх дзеячаў у буржуазных краінах.
[Ад лац. corruptio — подкуп.]
карусе́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.
Разм. Ісці, ляцець і пад. кругамі; кружыць. Самалёты.. развярнуліся і пачалі каруселіць усё бліжэй і бліжэй. Лынькоў. Руневіч сядзіць каля апушчанага акна і.. глядзіць, як кружацца, паволі каруселяць за цягніком напоеныя сонцам палеткі. Брыль.
карусе́ль, ‑і, ж.
Пляцоўка з сядзеннямі ў форме конікаў, экіпажаў, лодак і інш., якая круціцца вакол сваёй восі і служыць для катання на народных гуляннях і кірмашах. Катацца па каруселі.
[Іт. carosello.]
карусе́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да каруселі. Карусельнае кола.
•••
Карусельны станок гл. станок.