Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

карто́вы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з корту ​1. Картовая кепка. Картовы касцюм. □ Раман быў у адной выцвілай саколцы, у старых запэцканых ля трактара картовых штанах. Пташнікаў.

карто́граф, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне картаграфіі.

карту́з, ‑а, м.

Мужчынскі галаўны ўбор з аколышкам і цвёрдым казырком. На ім [Вінцуку] белая вышываная кашуля і чорны пінжак. На галаве новы картуз. В. Вольскі. Дзед дастаў з гары парыжэлыя ад часу боты, адшукаў нейкі старамодны картуз і прыняў паўваенны выгляд. Шчарбатаў.

[Гал. kardoes.]

карту́на, ‑ы, ж.

Уст. Баваўняная тканіна. За прылаўкам у Матруны Шмат «утрэслася» картуны, Метраў сорак, можа й болей. Крапіва.

[Ням. Kattun — бавоўна.]

картуно́вы, ‑ая, ‑ае.

Уст. Зроблены, пашыты з картуны. [Гэля] здзела палітцо і іранічна адазвалася пра зношаную картуновую блузку. Гартны.

карту́ш, ‑а, м.

Скульптурнае або графічнае ўпрыгожанне ў выглядзе дэкаратыўна акаймаванага не да канца разгорнутага скрутка або шчыта з эмблемай, гербам, надпісам і пад.

[Фр. cartouche.]

карту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Частка компаса — папяровы, алюмініевы або іншы кружок, на які наносяцца дзяленні на градусы і румбы.

ка́ртынг, ‑а, м.

Гонкі на аўтамабілях тыпу карт як від спорту. Першынство па картынгу.

картынгі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спартсмен, які займаецца картынгам.

картэ́ж, ‑у, м.

Урачыстае шэсце, выезд. Вясельны картэж. Жалобны картэж. □ Паказаўся ганаровы экскорт і картэж чорных бліскучых «Чаек». Карпаў.

[Фр. cortěge.]