калі́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ліцы, Т ‑ай, ж.
Уст. Старац, пераважна сляпы, які збірае міласціну, спяваючы духоўныя вершы.
калі́на, ‑ы, ж.
1. Кустовая расліна сямейства бружмелевых з белымі кветкамі і чырвонымі горкімі ягадамі.
2. зб. Ягады гэтай расліны.
калі́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да каліны. Калінавы куст. // Прыгатаваны з каліны. Калінавы сок. Калінавая настойка.
калі́ннік, ‑у, м.
Зараснік каліны (у 1 знач.).
калі́сь, прысл.
1. Тое, што і калісьці. Мы наслухаліся казак, Што калісь расказвалі дзяды. Аўрамчык.
2. Абл. Калі-небудзь у будучым. [Зоська:] Гляньце, — якое прыгожае неба на захадзе! Там, на гэтым небе, мы калісь жыць будзем. Купала.
калі́сьці, прысл.
Некалі ў мінулым, даўней. Каля ўваходу ў літаратурны музей — двухпавярховы белы дом, у якім Леў Мікалаевіч вучыў калісьці сялянскіх дзяцей. Брыль. Я горы палюбіў, з якімі Калісьці Лермантаў дружыў. Смагаровіч.
калі́т, ‑у, М ‑ліце, м.
Запаленне тоўстай кішкі. Хранічны каліт.
[Ад грэч. kōlon — абадочная кішка.]
каліта́, ‑ы, ДМ ‑ліце, ж.
1. Уст. Сумка для грошай; вялікі кашалёк. Над сіратою бог з калітою, ды з каліты ёй нічога не трапляе. З нар.
2. Уст. Грошы, багацце.
3. Абл. Паходная торба, сумка. Дастае тоўстую кнігу Дзед з вялікай каліты. Грахоўскі. [Марына] бярэ кусок асушка, Хлябок апошні з каліты. Колас.
калі́тка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Уст. Памянш. да каліта (у 1 знач.); невялікая каліта. Акрамя Дароша, жонка толькі ведала, колькі новенькіх чырвончыкаў схована ў скураной калітцы. Мурашка. [Ян] выняў з кішэні скураную калітку, адлічыў грошы і падаў Андрэю. Чарнышэвіч.
калі́тка 2, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Невялікія дзверы для праходу ў варотах, плоце, агароджы; фортка. Двор Кацубаў быў агароджаны новымі шчыкетамі, з брамаю і каліткаю. Якімовіч. З варот і калітак выглядалі жанчыны, праводзячы спачувальнымі позіркамі і заўвагамі мой руды, выцвілы пінжак. Васілевіч.
калі́ўе, ‑я, н., зб.
Калівы (у 1 знач.); сцёблы траў або збожжавых злакаў. Босыя ногі раз-пораз ублытваюцца ў роснае палеглае каліўе жыта. Кулакоўскі. На гародзе, які даглядала Якімава брыгада, .. сям-там на каліўі чырванелі памідоры, ды зелена буяла бацвінне морквы. Сабаленка.