Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

карпе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. над чым і без дап. Разм. Доўга, цярпліва займацца чым‑н., працаваць над чым‑н. Карпець пад падручнікамі. □ Таварышы толькі і бачылі Івана Іванавіча, як той карпеў над паперамі дзень і ноч, гадамі. Карпюк. Збегліся дзяўчаты, што карпелі за суседнімі сталамі. Аношкін.

2. Жыць дзе‑н. у пакутах, цяжкасцях. — Другія, глядзі, на ўласныя хаткі з садамі ўзбіліся... А ты век тут карпей ды гібей у гэтым дзіравым вагоне. Лынькоў.

карпу́нкт, ‑а, М ‑кце, м.

Пункт збору і перадачы інфармацыі карэспандэнтамі газеты, інфармацыйнага агенцтва і пад.; карэспандэнцкі пункт.

карпу́скула, ‑ы, ж.

Кніжн. Часцінка матэрыі.

[Ад лац. corpusculum — маленькае цела.]

карпускуля́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць карпускулярнага. Карпускулярнасць рэчыва.

карпускуля́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карпускулы, складаецца з карпускул. Карпускулярная будова рэчыва. Карпускулярнае выпраменьванне.

•••

Карпускулярная тэорыя святла гл. тэорыя.

карпусны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да корпуса (у 5, 6 знач.). Карпусны штаб. Карпусны камандзір. □ Рота перайшла ў карпусны рэзерв. Мележ.

карса́ж, ‑а, м.

1. Уст. Частка жаночага адзення, якая аблягае грудзі, спіну, бакі. [Майка] варухнула рукой і пацягнула аднекуль з-за карсажа ланцужок. Караткевіч.

2. Пругкі пояс спадніцы.

карса́к, ‑а, м.

Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства сабачых; дробная ліса, якая распаўсюджана ў стэпах і паўпустынях Паўднёва-Усходняй Еўропы і Азіі.

карса́р, ‑а, м.

Марскі разбойнік, пірат. // Разбойніцкае судна.

[Іт. corsaro.]

карса́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карсара. Карсарскае судна.