Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

карнішо́н, ‑а, м.

Маленькі, зняты хутка пасля цвіцення агурок, прызначаны для марынавання.

[Фр. cornichon.]

ка́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае сваёй мэтай караць каго‑н., прызначаны для пакарання. Карныя меры. Карныя органы. Карны атрад.

карняві́шча, ‑а, н.

1. Тое, што і карэнішча. Рыба ў такую пагоду зашылася ў карнявішчы аеру. Хведаровіч.

2. Карэнне (дрэва). [Зянон] спыніўся каля вывернутага карнявішча вярбы, пачаў ладкаваць месца-схованку. М. Ткачоў. Высокі бераг стаў яшчэ вышэйшы, падмытыя карнявішчы звісалі з яго, стрыжыныя норы відны былі скрозь. Лупсякоў.

каро́бачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш. да каробка (у 1 знач.).

2. Сухі плод расліны, у якім знаходзіцца насенне. Каробачка маку. Каробачка лёну.

каро́бачнік, ‑а, м.

Тое, што і карабейнік. Неяк хадзіў быў каробачнік, дык здачы не было ў каробачніка за куплены бацькам ножык-сцізорык. Баранавых.

каро́бачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каробкі. Каробачная майстэрня.

каро́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Невялікая скрынка з кардону, дрэва, бляхі і пад., звычайна з вечкам. Папяросная каробка. □ [Сакратар абкома] адчыніў чырвоную каробку і сам прыкалоў залатую зорку. Васілевіч. [Дубаў] выцягнуў з каробкі ляльку і пасадзіў яе на калені таварышу. Гарбук. // Такая скрынка з якім‑н. таварам, наборам якіх‑н. прадметаў. Каробка цукерак. Каробка папярос. Каробка каляровых алоўкаў. // Пасудзіна рознай формы і рознага прызначэння, сплеценая з лазы, саломы і інш. Паны складаюць чамаданы, Лубкі-каробкі, дзе схаваны Паненак розныя прыпасы Для завівання, для падкрасы. Колас. Малеча і старыя.. снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Мележ.

2. Каркас будынка. Злева і справа чарнелі папялішчы, пахіленыя і закурадымленыя каробкі, абгарэлыя дрэвы. Сіўцоў. Стаялі толькі мураваныя каробкі, апавітыя рыштаваннямі, невялікі драўляны дамок, здалёк падобны на кузню. Кулакоўскі.

3. Футляр для якога‑н. механізма. Каробка компаса. Каробка радыёпрыёмніка.

•••

Каробка скорасцей; каробка перадач — у розных машынах: механізм для змены скорасці і напрамку руху.

Магазінная каробка — прыстасаванне ў агнястрэльнай зброі, дзе змяшчаюцца патроны.

Чарапная каробка — тое, што і чэрап.

каро́бчаты, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд кораба; выгнуты. Аўтамат быў новы, зараджаны доўгім каробчатым магазінам. Якімовіч.

каро́ва, ‑ы, ж.

1. Буйная свойская жывёліна, якая дае малако; самка быка. Малочная карова. Дойная карова. □ Прама перада мною каля маладой сасны.. скубла траву чорная карова з белымі плямамі. В. Вольскі. Выгадавалася з лысенькай цялушачкі слаўная карова. Якімовіч. // Самка некаторых народ буйной рагатай жывёлы (лася, аленя, зубра). Найчасцей сустрэне [Алежка] там ласёў, цэлую іх сям’ю: самца ў гордай кароне рагоў, карову з цялушкай — пасуцца ў драбналессі. Вышынскі.

2. Разм. зневаж. Пра тоўстага, нязграбнага чалавека (звычайна пра жанчыну). — А ну, варушыся, карова! Лынькоў.

•••

Марская карова — вымерлае воднае млекакормячае атрада сірэн.

Дойная карова — пра крыніцу матэрыяльных даброт, якой можна несумленна карыстацца ў асабістых мэтах.

Як карова языком злізала каго-што — хутка і бясследна знік, як і не было.

каро́він, ‑а.

Які належыць карове. Каровіна малако. □ Закрычалі пеўні, данёсся каровы рык. Гартны.