кадэ́нцыя, ‑і, ж.
1. Гарманічны або меладычны абарот, які завяршае музычны твор або яго частку, падкрэсліваючы кампазіцыйную цэласнасць твора.
2. Вольная імправізацыя віртуознага характару, якая выконваецца сола і ўваходзіць у склад інструментальнага канцэрта.
[Іт. cadenza.]
кадэ́т 1, ‑а, М ‑дэце, м.
Выхаванец кадэцкага корпуса (гл. корпус).
[Фр. cadet.]
кадэ́т 2, ‑а, М ‑дэце, м.
Член контррэвалюцыйнай канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі ў дарэвалюцыйнай Расіі. Умелі кадэты пусціць пыл у вочы. Людзі, не спакушаныя ў палітыцы, спачувалі ім, лічылі іх вялікімі апазіцыянерамі царызму і шмат надзей ускладалі на іх. Колас.
[Скарачэнне па назвах першых літар у словах: канстытуцыйны дэмакрат (к.-д. — ка-дэ); канчатак па аналогіі з кадэт 1.]
кадэ́цкі 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кадэта 1.
•••
Кадэцкі корпус гл. корпус.
кадэ́цкі 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кадэта 2. Кадэцкі лібералізм. □ Ход выбараў паказваў, што верх бярэ ў іх так званая канстытуцыйна-дэмакратычная або кадэцкая партыя, памяркоўна-апазіцыйная партыя памешчыкаў і ліберальнай буржуазіі. Колас.
каёмка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
Памянш. да кайма; вузкая кайма. Вока Алеся ледзь заўважыла супроцьлеглы бераг з сіняй каёмкай сасновага лесу. Броўка. Калі набягае хваля, зграбныя птушкі спрытна адскокваюць ад каёмкі белай пены. В. Вольскі.
каёт, ‑а, М ‑ёце, м.
Млекакормячая жывёліна сямейства сабачых, падобная да ваўка, якая водзіцца ў Паўночнай Амерыцы.
кажамя́ка, ‑і, м.
Уст. Майстар, які вырабляе сырамятныя скуры.
кажамя́цкі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да кажамякі, кажамякаў. Кажамяцкае рамяство.
кажа́н, ‑а, м.
Начная млекакормячая жывёліна з шырокімі перапончатымі крыламі; лятучая мыш. Нячутна носяцца кажаны, кожны раз знячэўку нагадваючы летам птушак. Брыль. А ў цёмных хадах, з сярэдзіны, вяліся кажаны, якіх мы таксама лічылі за птушак. Дамашэвіч.
кажуры́на, ‑ы, ж.
Разм.
1. Кусок аўчыны.
2. Тоўстая скурка на чым‑н. (яблыку, бульбе і пад.).
кажу́х, ‑а, М ‑жусе, м.
1. Доўгая верхняя вопратка з вырабленых аўчын. Абодва [дзяды] былі ў доўгіх кажухах і нават пры рукавіцах: вясна вясной, а ноччу яшчэ ўсяго можа быць. Кулакоўскі. Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас.
2. Пакрыцце, футляр з жалеза, цэглы, дрэва і пад. для ізаляцыі або засцярогі збудаванняў, механізмаў ці іх частак. Металічны кажух. Кажух кулямёта.