Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ка́ўка, ‑і, ДМ каўцы; Р мн. кавак; ж.

Абл. Галка (у 1 знач.). Кругом бурліць вада... Крычаць у небе каўкі. Вялюгін.

каўка́зец,

гл. каўказцы.

каўка́зка,

гл. каўказцы.

каўка́зскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Каўказа, каўказцаў, належыць ім. Каўказскія горы. Каўказскія народы. Каўказская прырода.

каўка́зцы, ‑аў; адз. каўказец, ‑зца, м.; каўказка, ‑і, ДМ ‑зцы; мн. каўказкі, ‑зак; ж.

Ураджэнцы Каўказа.

ка́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Абл.

1. Мяўкаць (пра ката). Чмякнуўшыся з печы, кот пацёрся ля .. ног [Улляны], а потым ускочыў на табурэтку ля кухоннага стала і, не зводзячы жоўтых вачэй, ціха, нібы праз зубы, каўкаў і каўкаў. Гаўрылкін. // Каркаць (пра галку).

2. Назойліва прасіць, канькаць.

ка́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Абл.

1. Аднакр. да каўкаць.

2. Падаць голас; пікнуць. Хуценька выбег [дзед Дарахвей] са строю, падбег да таго недавярка і на ўсю сілу ўваткнуў яму ў грудзі штык па самую рулю. Афіцэр і не каўкнуў. Сабаленка.

каўне́р, ‑няра, м.

Верхняя, часцей прышыўная частка адзення, якая прылягае да шыі. Вышыты каўнер. Каракулевы каўнер. Паставіць каўнер. □ Шэрае летняе паліто .. [Зараніка] стала плямістым, капялюш намок, і з абвіслых палёў сцякала за каўнер вада. Хадкевіч. Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.

•••

Браць (узяць) за каўнер гл. браць.

За каўнер не капае гл. капаць.

Закласці за каўнер гл. закласці.

[Ням. Kolner.]

каўне́рык, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да каўнер; маленькі, вузкі каўнер. Салдаты прыхарошваліся: хадзілі ў начышчаных да бляску ботах, з беленькімі падшыўнымі каўнерыкамі. Пальчэўскі.

каўпа́к, ‑а, м.

1. Галаўны ўбор конусападобнай, авальнай або іншай формы. Кухарскі каўпак. □ Выгляд .. [урача], суровы і велічны ў асляпляльна белым каўпаку і ў жаўтаватым халаце, спалохаў Валянціну Андрэеўну. Шамякін. Па просьбе Макса бацькі зрабілі Васільку з рыззя «форму» клоуна — рознакаляровыя шырокія штаны, высокі каўпак — і цешыліся не менш за свайго сына. Маўр.

2. Накрыўка над чым‑н. акруглай або конусападобнай формы. Каўпак для лямпы. Шкляны каўпак. □ Хлопцы селі. Лётчык насунуў над імі цэлулоідны каўпак, памахаў рукою партызанам. Новікаў.

[Цюрк.]