кашані́ль, ‑і, ж.
Агульная назва некалькіх відаў насякомых, з цела самак якіх здабываюць чырвоную фарбу кармін.
[Фр. cochenille.]
кашані́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кашанілі. // Прыгатаваны з кашанілі. Кашанільная фарба.
кашападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які сваім выглядам нагадвае кашу (у 2 знач.). Кашападобная маса.
каша́р, ‑а, м.
Абл. Той, хто пляце кашы. З даўняга часу вёскі тут славяцца рыбаловамі, паляўнічымі, цеслярамі, бондарамі, кашарамі і іншымі майстрамі. Шамякін.
каша́ра, ‑ы, ж.
1. Загон, агароджанае месца на полі, у лесе, дзе летам трымаюць жывёлу. Па рацэ плыве лодка, поўная дзяўчат і бітонаў, — на тым беразе Прыпяці, на лузе, кашара, і адтуль з удоем вяртаюцца даяркі. Сачанка. Ратуючыся ад угону ў Нямеччыну, моладзь перабралася з вёскі ў лес. Загналі сюды ў кашары і жывёлу. Вішнеўскі.
2. толькі мн. (кашары́, ‑аў). Уст. Казарма. У кашарах узнік адпраўны пункт. Тут выдавалі зброю, фарміравалі атрады, прызначаліся камандзіры. Мікуліч.
[Рум. casare.]
ка́шка, ‑і, ДМ кашцы, ж.
1. Памянш.-ласк. да каша (у 1 знач.).
2. Народная назва некаторых відаў канюшыны. Белая кашка, уволю напоеная начным дажджом, пакрывала абочыны дарогі стракатым дываном. Стаховіч. Мы знаходзілі ў траве малінавую кашку і бачылі, што яна таксама апусціла свае лісцікі. Хомчанка.
кашла́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Пакрыты доўгай поўсцю; калматы. У хляве ўся Тарэнтава маёмасць: худы кашлаты конь. Галавач. // З густымі ўскудлачанымі валасамі. Кашлатая Саўкава галава з цэлаю шапкаю чорных валасоў зняважліва ківалася. Колас.
2. Разгалісты, з густым веццем, шырокімі лапкамі. Кашлатыя елкі і выносістыя хвоі абступалі дарогу. С. Александровіч. Неўзабаве трапяткі агеньчык асвятліў бронзавыя, ствалы бліжніх сасонак, кашлатыя лапы іх, нібы жывыя, цягнуліся да агеньчыка. Хадкевіч.
кашла́ціць, ‑лачу, ‑лаціш, ‑лаціць; незак., каго-што.
Разм. Касмаціць, кудлаціць. Адам Лаўрэнавіч сядзіць, панурыўшыся, падпёршы рукой галаву, пальцы кашлацяць рэдкія валасы. Шамякін.