Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

каціро́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каціроўкі. Каціровачная камісія.

каціро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

1. Вызначэнне курсу замежнай валюты. Афіцыйная каціроўка.

2. Устанаўленне біржавай цаны (курсу) каштоўных папер, тавараў, замежнай валюты.

3. Абарачэнне каштоўных папер або тавараў на біржы.

каці́цца 1, качу́ся, ко́цішся, ко́ціцца; незак.

1. Верцячыся, рухацца ў адным напрамку (пра што‑н. круглае, шарападобнае). Маленькая пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць па траве, а потым раптам сарвацца куды-небудзь убок і каціцца, каціцца, каціцца... Лынькоў. Колы стукаліся аб карэнне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Колас. // Саслізгваць, з’язджаць па нахіленай плоскасці. То коціцца камень з высокай гары, То птушка крычыць спрасоння. Свірка. Нарэшце дэтанатар падагнаны пад рэйку, і Тоня першая коціцца з насыпу. Шчарбатаў. // перан. Разм. Апускацца, станавіцца горшым у якіх‑н. адносінах. — Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Брыль.

2. Ехаць, пасоўвацца (пра сродкі перамяшчэння на колах). Была ўжо восень з першымі прымаразкамі, і таму павозка лёгка кацілася па гладкіх сухіх каляінах. Якімовіч. Паволі коціцца па няроўнай дарозе трохтонка. Ваданосаў. // Хутка ехаць па слізкай паверхні. Гонка, гонка, з горкі, з горкі Санкі коцяцца мае. Кірэенка. // перан. Хутка ісці (пра нізкага, тоўстага чалавека). [Гамрэкелі], уздымаючы пыл, каціўся па вуліцы, круглы, як мяч. Самуйлёнак. // перан. Хутка рухацца, перамяшчацца (пра вялікую колькасць, масу людзей). У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч. // перан. Разносіцца, раздавацца (пра гукі). Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Колас. Водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта. М. Стральцоў.

3. Цячы, струменіцца (пра ваду і пад.). Жоўтая вада з шумам і бульканнем шпарка кацілася ў бок рэчкі, пакідаючы шматкі бруднай пены. Шамякін. Крыніца крышталёвая ў траве Булькоча, ў рэчку коціцца ля бору. Бялевіч. Хутка я ўвесь прамок, а па твары каціліся буйныя кроплі поту. Анісаў. // Расцякацца, плаўна перамяшчацца (пра туман, дым і пад.). Туман коціцца ў даліне, Змоўкла птушка на галіне. Бядуля.

4. Плаўна рухацца па небасхіле. Агніста-чырвонае сонца хутка кацілася за небасхіл. Васілёнак. І месяц коціцца румяны Па-над пуховай гладдзю стрэх. Гаўрусёў. // перан. Ісці, рухацца (пра час, жыццё і пад.). Над разбураным краем Бурна каціўся Ўстрывожаны час. Глебка. Устанаўліваўся мір, і жыццё зноў кацілася той жа дарогай. Васілевіч.

5. заг. каці́ся (каці́цеся). Разм. Ідзі (ідзіце) адсюль.

каці́цца 2, ко́ціцца; незак.

Нараджаць дзіцянят (пра авечку, казу і некаторых іншых жывёл).

каці́ць, качу, коціш, коціць; незак.

1. каго-што. Рухаць, перамяшчаць які‑н. круглы прадмет, прымушаючы яго вярцецца. Каціць бочку. Каціць мяч. □ А самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвення кацілі ў Нёман калоды. Колас. // Рухаць, везці што‑н. на колах. Шашура ў гэты час з двума таварышамі каціў на фланг процітанкавую гармату. Мележ. Па цяністай алеі малады мужчына асцярожна каціў дзіцячую каляску. Гроднеў.

2. што. Перамяшчаць сілай цячэння, павеву ветру і пад. Толькі Бярэзіна, вада ў якой пацямнела ад холаду і хмурнага неба, спакойна і велічна коціць сваю плынь. С. Александровіч. Наша возера хвалямі б’ецца, Коціць пену сваю на пяскі. Калачынскі.

3. перан.; што. Губіць, нішчыць (пра эпідэмія), павальную хваробу). Геня ніяк не мог адразу зразумець, што хоча сказаць Кася, бо тая так хвалявалася, нібы на ферме .. чума.. коціць усю жывёлу. Пташнікаў.

4. Разм. Тое, што і каціцца ​1 (у 2, 3, 4 і 5 знач.). І машына коціць.. мякка, бясшумна. Лынькоў. Па дарозе, уздымаючы слуп пылу, коціць на кірмаш айцец Парфіры. Чарот. А час ідзе, на захад коціць сонца. Шушкевіч.

кацю́ша, ‑ы, ж.

Жартаўліва-ласкавая назва рэактыўнага мінамёта, устаноўленага на аўтамабілі. Наша помста ворагу ў паходзе Прагрымела голасам кацюш. Прыходзька.

кацяло́к, ‑лка, м.

1. Памянш. да кацёл; невялікі кацёл. Вечарамі загараліся вогнішчы, засынаючы іскрамі зорнае неба, у кацялках булькаў чай і ў змроку плыла то гарэзная, то ціхая і задуменная песня. Грахоўскі. // Невялікая металічная пасудзіна з дужкай і глыбокай накрыўкай, у якой вараць страву ў палявых умовах і з якой ядуць. Салдацкі кацялок.

2. Цвёрды мужчынскі капялюш з акруглым верхам і вузкімі палямі. Перад пачаткам канцэрта з’явіўся сівабароды чалавек у кацялку, чорным .. гарнітуры. Лужанін.

3. Разм. пагард. Галава. Кацялок варыць.

кацянё,

гл. кацяня.

кацяні́цца, ‑ценіцца; незак.

Нараджаць кацяят (пра котку).

кацяня́ і кацянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня кошкі.