зачарава́нне, ‑я, н.
Стан таго, хто адчувае на сабе чароўную сілу каго‑, чаго‑н. Музыка быў дужа багаты на тую высакародную старэчую прыгажосць, якая міжвольна выклікае павагу і зачараванне. Васілёнак.
зачарава́ны і зачаро́ваны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад зачараваць.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца пад уздзеяннем чараў. Зачараваны скарб. Зачараванае царства. □ [Яліны] стаяць, нібы зачараваныя волаты, ахоўваючы дрымотны спакой нейкага соннага казачнага царства. В. Вольскі. // перан. Захоплены, паланёны чым‑н. Зачараваная зала, здавалася, анямела. Мікуліч. Міншчына, Міншчына мілая. Я зачарован табой. Шымук. // Які выражае захапленне. [Хадкевіч] стаяў, не рухаючыся з месца, і зачараванымі шчаслівымі вачамі глядзеў ёй услед. Васілевіч.
•••
Зачараванае кола гл. кола.
зачарава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак., кім-чым.
Залюбавацца, прыйсці ў захапленне. Іншы раз [начлежнікі] гэтак зачаруюцца якім-небудзь прыгожым сказам, што не пабачаць, як і ночка прабяжыць. Чарот.
зачарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.
Уздзейнічаць чарамі, магічнымі словамі; заваражыць. — А ты не бядуй, уцешыла дзяўчынка Косціка. — У наступны раз я навучу цябе, як зачараваць гарлачык. Даніленка. Ой, трыпутнічак, Трыпутнік!.. Зелле-зеллейка жывое!.. Ты цвіцеш Ды пры дарогах, — Зачаруй майго мілога!.. Трус. // перан. Падпарадкаваць свайму ўплыву; паланіць, прывабіць. [Міцьку] зачаравала суровасць ракі, яе патаемная сіла, якой ён раней зусім і не заўважаў. Лупсякоў. Тонкая, чарнявая, з касою — Пра такіх Кабзар пісаў не раз — Светлаю дзявочаю красою Ты тады зачаравала нас. Панчанка.
зачарві́вець, ‑ее; зак.
Разм. Стаць чарвівым. Яблык зачарвівеў.
зачарне́цца, ‑еецца; зак.
Тое, што і зачарнець. Каля калодзежа зачарнелася нейчая фігура. Колас. Першыя праталіны зачарнеліся на палях. Лынькоў.
зачарне́ць, ‑ее; зак.
1. Вылучыцца сваім чорным колерам, паказацца (пра што‑н. чорнае). Мінулі дробны лес, і перад .. [Стафанковічамі] зачарнела вёска. Чорны.
2. Пачаць чарнець; стаць чорным. Зачарнела і запахла на полі ралля. Скрыган.
зачарні́цца, ‑чэрніцца; зак.
Замазацца, зафарбавацца чорным. Шкло ў лямпе зачарнілася. Папера зачарнілася ад капіркі.
зачарні́ць, ‑чарню, ‑чэрніш, ‑чэрніць; зак., што.
Замазаць, зафарбаваць чорным. Зачарніў неба просінь Дым, узняўшыся стогам. Нядзведскі.
зачарня́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да зачарніцца.
2. Зал. да зачарняць.