Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

залажы́цца, ‑лажуся, ‑ложышся, ‑ложыцца; зак.

Заключыць у спрэчцы ўмову, па якой той, хто прайграе, павінен што‑н. выканаць; пайсці ў заклад.

залажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., што.

1. Пакласці, змясціць куды‑н., за што‑н. Залажыць нагу за нагу. Залажыць рукі ў кішэні. □ — А партрэцік маці выразала з газеты, — працягвала Усця, — залажыла пад шкло ў рамачку. Кулакоўскі. // Закласці куды‑н. з пэўнай мэтай і ў пэўнай колькасці. Залажыць міну. □ Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу, усыпаў шчодрую порцыю пораху і на гэты раз залажыў у рулю круглую алавяную кулю. Колас. Спачатку Андрэй трываў. Але зуб не хацеў сціхаць. Закурыў — не перастае, залажыў ватку, змочаную ў адэкалоне, — боль толькі ўзмацніўся. Хадановіч.

2. Адзначыць патрэбнае месца ў кнізе, паклаўшы што‑н. паміж старонкамі. Залажыць старонку ў кнізе.

3. Закрыць, загарадзіць чым‑н. адтуліну, дзірку, праём і пад. Залажыць юшку. □ [Патапчык] нацягаў яловага галля, густа залажыў ім дзірку на страсе і засыпаў зверху зямлёй. Чарнышэвіч. — Залажу пайду разгародку ў плоце, баюся, каб гусі капусты не папсавалі. Чорны. // Паклаўшы што‑н. у вялікай колькасці, заняць усю паверхню чаго‑н. Залажыць стол кнігамі.

4. Пакласці аснову чаго‑н., пачаць будаўніцтва. Залажыць фундамент дома. Залажыць новую ферму. // перан. Даць пачатак чаму‑н., стварыць аснову для развіцця чаго‑н. Нявіднага цікавіць, што сталася з ячэйкай, якую залажыў ён у Паставах і аб якой не мае цяпер ніякіх вестак. Колас.

5. Аддаць што‑н. у заклад за пазычаныя грошы. — Няхай кафтан заложаць драны, а грошы мусяць яны даць. Колас.

6. Заплаціць за каго‑н. пэўную суму грошай пры пакупцы. Казна залежыць тры чвэрці кошту падзелу толькі за таго мужыка, які сам збярэ і заплаціць адну чвэртку. Якімовіч.

7. безас. Разм. Пра хваравітае адчуванне ў вушах, носе і пад. Самалёт набірае вышыню. Грудную клетку нібы распірае знутры, застукала ў скронях, залажыла вушы. Жычка.

8. Уст. Запрэгчы ў экіпаж. Залажыць тройку. // Прыгатаваць экіпаж, запрэгчы ў яго каня, коней. Залажыць брычку.

•••

Залажыць (заліць) за гальштук (за каўнер) — выпіць спіртнога.

залазава́нне, ‑я, н.

Заразная хвароба коней — запаленне слізістай абалонкі насаглоткі і падсківічных лімфатычных вузлоў; мыт.

залазава́ць, ‑зуе; зак.

Хварэць на залазаванне (пра коней).

зала́зіць, ‑лажу, ‑лазіш, ‑лазіць.

Незак. да залезці.

залакірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Пакрыць лакам пашкоджаныя месцы ў якой‑н. палакіраванай рэчы.

залакіро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да залакіраваць.

залама́ны і зало́маны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад заламаць ​1.

залама́цца, ‑ломіцца; зак.

1. Сагнуўшыся, надламацца. Шыла заламалася ў падэшве бота.

2. Разм. Крута завярнуць убок (пра дарогу, рэчку і пад.). У лагчыне, праз мост пераскочыўшы, каленам заламаўся шлях. Скрыган.

3. перан. Страціць сілу, разбег. Гэта на нашых грудзях Заламаліся хвалі, Што над Еўропай, Як чорная ноч, бушавалі. Танк.

залама́ць 1, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак.

1. што. Сагнуўшы, надламаць. Заламаць галінку на дрэве.

2. Разм. Крута павярнуць убок. Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у падворак Юркі Труса, з надворка заламаў у вулачку. Колас.

3. што. Разм. Надта дорага запрасіць. Зарослы сівой шчацінай дзед, перш чым перавезці Сяргея цераз Прыпяць, заламаў дзвесце рублёў. Навуменка.

•••

Асінку заламаць — даць зарок не рабіць чаго‑н., палажыць канец чаму‑н.

Заламаць залом (уст.) — зблытаць і заламаць на чыім‑н. полі пук жытніх сцяблоў з мэтай паклікаць бяду на гаспадара поля (з павер’я забабонных людзей).

Заламаць рукі — моцна загнуць каму‑н. рукі назад, за спіну.

Заламаць шапку — надзець шапку набакір або ссунуць яе на патыліцу.

залама́ць 2, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак.

Разм. Пачаць ламаць.