залажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., што.
1. Пакласці, змясціць куды‑н., за што‑н. Залажыць нагу за нагу. Залажыць рукі ў кішэні. □ — А партрэцік маці выразала з газеты, — працягвала Усця, — залажыла пад шкло ў рамачку. Кулакоўскі. // Закласці куды‑н. з пэўнай мэтай і ў пэўнай колькасці. Залажыць міну. □ Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу, усыпаў шчодрую порцыю пораху і на гэты раз залажыў у рулю круглую алавяную кулю. Колас. Спачатку Андрэй трываў. Але зуб не хацеў сціхаць. Закурыў — не перастае, залажыў ватку, змочаную ў адэкалоне, — боль толькі ўзмацніўся. Хадановіч.
2. Адзначыць патрэбнае месца ў кнізе, паклаўшы што‑н. паміж старонкамі. Залажыць старонку ў кнізе.
3. Закрыць, загарадзіць чым‑н. адтуліну, дзірку, праём і пад. Залажыць юшку. □ [Патапчык] нацягаў яловага галля, густа залажыў ім дзірку на страсе і засыпаў зверху зямлёй. Чарнышэвіч. — Залажу пайду разгародку ў плоце, баюся, каб гусі капусты не папсавалі. Чорны. // Паклаўшы што‑н. у вялікай колькасці, заняць усю паверхню чаго‑н. Залажыць стол кнігамі.
4. Пакласці аснову чаго‑н., пачаць будаўніцтва. Залажыць фундамент дома. Залажыць новую ферму. // перан. Даць пачатак чаму‑н., стварыць аснову для развіцця чаго‑н. Нявіднага цікавіць, што сталася з ячэйкай, якую залажыў ён у Паставах і аб якой не мае цяпер ніякіх вестак. Колас.
5. Аддаць што‑н. у заклад за пазычаныя грошы. — Няхай кафтан заложаць драны, а грошы мусяць яны даць. Колас.
6. Заплаціць за каго‑н. пэўную суму грошай пры пакупцы. Казна залежыць тры чвэрці кошту падзелу толькі за таго мужыка, які сам збярэ і заплаціць адну чвэртку. Якімовіч.
7. безас. Разм. Пра хваравітае адчуванне ў вушах, носе і пад. Самалёт набірае вышыню. Грудную клетку нібы распірае знутры, застукала ў скронях, залажыла вушы. Жычка.
8. Уст. Запрэгчы ў экіпаж. Залажыць тройку. // Прыгатаваць экіпаж, запрэгчы ў яго каня, коней. Залажыць брычку.
•••
Залажыць (заліць) за гальштук (за каўнер) — выпіць спіртнога.